Калі вам хочацца адчуць старасьвецкі дух ранейшай Беларусі, той Беларусі, якая напэўна ўжо адышла ў нябыт, вам варта наведаць мястэчка Гальшаны. Ад самой назвы ўжо нібы патыхае сівой даўніной. І сапраўды пачаткі Гальшанаў сягаюць у тыя часы, калі на нашай зямлі валадарылі напаўлегендарныя князі, што закладалі падмуркі ВКЛ.
Версіі ўзнікнення мястэчка розныя. Гісторыя ўзнікнення Гальшанаў і яго замка вельмі заблытаная і ахутаная легендамі. Першыя пісьмовыя звесткі пра Гальшаны датуюцца 1280 годам, гэтая дата выбіта на камені, які знаходзіцца каля дарогі з боку Ашмян пры ўездзе ў Гальшаны. Аднак археалагічныя раскопкі паказалі, што найбольш старажытныя сляды пражывання чалавека на тэрыторыі Ашмянскага раёну адносяцца да каменнага веку. Раскопкі гарадзішча ў Гальшанах гавораць аб тым, што з канца 2 тысячагоддзя да нашай эры тут жылі плямёны, якія мелі сваю культуру, займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам. Пацверджана існаванне паселішча на гэтых землях ужо ў 10 стагоддзі.
Захаваліся некаторыя легенды пра тое, хто і як засноўваў Гальшаны. Легенда, увекавечаная ў летапісах, распавядае: “паляваў у тутэйшых лясах князь Гольша, і за ракою – Вільняй, убачыў ён гару, а калі ўзышоў на яе, то да таго цудоўны краявід адкрыўся яму, што вырашыў ён заснаваць тут горад...”. Іншая вусная легенда гаворыць пра князя Альшана і яго сябра Лугвена, якія заблукалі ў лесе. Страціўшы надзею выратавацца, князь паабяцаў пабудаваць замак у тым месцы, дзе сустрэне людзей. І Альшан выканаў сваё абяцанне.
« - Абяцаю, Лугвен, штo на тым месцы, дзе мы з людзьмi спаткаемся, пабудую замак прыгожы i жыць у iм буду. Хутчэй бы на людзей выйсцi, бо страчваю я апошнюю веру на выратаванне ...
Заснулi яны кapoткiм, трывожным сном, а на золку рушылi далей.
Схуднелi паляўнiчыя, абарвалiся, ледзьве ногi перасоўвалi, i ўжо тады, калi не чакалi знайсцi дарогу цi людское жытло, выбiлiся на невялiчкую хацiну. Там жыла сям'я княжацкага палясоўшчыка. Можа, тыдзень адходжваў ён свайго гаспадара i ягонага сябра.
Не забыўся пра сваё абяцанне Альшан. Як толькi вярнуўся ў палац, адразу ж нaкipaвaў шмат людзей у новае месца замак будаваць. Два до riя гады соткi майстроў шчыравалi, i нарэшце паляцеў ганец да князя з весткай, што ўсё гатова, можна перабiрацца».
Як паганскі князь і хрысціянскі святы ўвайшоў у гісторыю Даўмонт Нальшанскі. Пра яго расказвае Літоўская хроніка 13 стагоддзя як аб грозным воіне, які ўстаў на шляху нямецкіх рыцараў-крыжаносцаў. Аб яго пскоўскім праўленні гаворыць “Даўмонтаў горад” у Пскове. Але мянушку “Нальшанскі” князь атрымаў якойсьці іншай зямлі...
У той час тэрыторыя Беларусі, як і тэрыторыя сучаснай Літвы, Украіны, Смаленшчыны, уваходзілі ў склад ВКЛ. Свой пачатак летапісная Літва бярэ ў Панямонні. У 12-13 стст з паўночнага захаду да старажытнай Літвы прымыкала зямля племяні нальшаў з цэнтрам у Крэва. Тут змяшаліся балцкія і славянскія культуры. Тут і існавалі Нальшаны – паўлегендарная балцка-славянская дзяржава. Нямецкія хронікі называюць яе Нальсэн.
Як незалежнае княства Нальшаны спынілі сваё існаванне, стаўшы часткай ВКЛ. Назва “Нальшаны” паступова знікла, забылася – але да нашых дзён дайшлі імёны гарадоў і замкаў нальшанскай зямлі: Крэва, Ашмяны, Варняны, Гальшаны...
Хутчэй за ўсё, Гальшаны – гэта адзінае месца, якое захавала ў сваёй назве водгук старажытных Нальшан.
Такія звесткі дайшлі да нас пра заснаванне мястэчка.
Калі гаварыць пра больш дакладныя крыніцы, то ўзгадванне ў “Хроніцы Быхаўца” лічыцца пунктам адліку ў гісторыі вёскі Гальшаны і ў гісторыі яго першых уладальнікаў.
Род Гальшанскіх вядзе паходжанне ад вялікіх князёў, ад легендарнага Гольшы, які заснаваў у 13 ст горад над ракой Карабель. І зараз ручай Карабель бяжыць ля сцен Гальшанскага замка, і зараз узвышаецца над навакольнымі ўзгоркамі гальшанскае гарадзішча – тая самая “прыгожая гара”, на якой заснаваў князь Гольша сваё паселішча. З тых часоў цягам трох стагоддзяў княжылі ў Гальшанах князі Гальшанскія. Гальшанскія прымалі ўдзел у лёсавырашальнай Грунвальскай бітве з крыжакамі 1420 года і, як многія ўдзельнікі “пагоні на Грунвальд”, атрымалі родавы герб ў выглядзе шчыта, увянчанага княскай каронай і падзеленага на чатыры часткі з выявамі Гіпацэнтаўра, Пагоні, Трубаў і Лялівы.
Род быў багатым і ўплывовым. Подпісы Гальшанскіх аднымі з першых стаяць на важнейшых актах таго часу. Мужчыны роду Гальшанскіх займалі важнейшыя дзяржаўныя пасады, жанчыны пабывалі на вялікакняскім і каралеўскім прастолах. Першы гістарычна дакладны князь Гальшанскі, Альгімунт, згадваецца ў канцы 14 ст. Ён, несумненна, займаў блізкае да князя становішча, бо ўваходзіў у склад пасольства ў Кракаў, калі вялікі князь літоўскі Ягайла дамаўляўся пра шлюб з польскай каралеўнай Ядзвігай. Дачка Альгімунта Юльяна Гальшанская была замужам за вялікім князем Вітаўтам, а яе брат, Іван Альгімунтавіч, ведамы як бліжэйшы сябар і дарадца Вітаўта. У верных хаўрусніках вялікія князі заўсёды мелі патрэбу, бо іх улада была далёка не неабмежаваная. Сямейства былых дробных удзельных князёў і новаспечаных магнатаў само прэтэндавала на тое, каб вяршыць лёсы краіны.
Род Гальшанскіх не быў выняткам. Калі Іван Гальшанскі падтрымліваў вялікага князя Вітаўта, то Аляксандр Гальшанскі па мянушцы “Нялюб” уступіў ў змову супраць Вітаўта са смаленскім князем, а пасля няўдачы збег у Маскву. Сямён Гальшанскі “Люты” падтрымліваў Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе з Свідрыгайлам за вялікакняскі прастол і здзейсніў замах на жыццё Свідрыгайлы – але быў схоплены і ўтоплены ў Дзвіне. А брат яго Міхаіл Гальшанскі, наадварот, стаяў на баку Свідрыгайлы, быў у яго ваяводам і разбіў войска Жыгімонта Кейстутавіча. Найбольшую славу прынесла свайму роду, без сумневу, Соф’я Гальшанская – каралева Польшы, жонка знакамітага Ягайла, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Не так даўно, дарэчы, у цэнтры Гальшанаў ёй быў пастаўлены адмысловы помнік. Да Соф’і Ягайла быў тройчы жанаты, ад гэтых шлюбаў у яго падрасталі дзве дачкі, але кароль хацеў сына. І Ягайла, якому ішоў восьмы дзесятак, сватаецца да 16-гадовай Соф’і. Тут не абышлося без праблемы: старэйшая сястра Соф’і Васіліса яшчэ не была замужам, а па беларускіх звычаях малодшую нельга аддаваць замуж раней старэйшай. Каралю прапаноўвалі ўзяць Васілісу, тым больш што яна лічылася больш прывабнай, чым Соф’я. Але Ягайла не захацеў: у Васілісы над верхняй губою быў пушок – “вусікі”. Хоць па канонам прыгажосці 15 стагоддзя гэта ніколькі не мяшала Васілісе славіцца як прыгажуні, але гэта сведчыла пра яе моцны характар. І кароль у яго састарэлым узросце пабаяўся ўзяць у жонкі такую тэмпераментную дзяўчыну...
Тады Васілісу тэрмінова сасваталі за князя Івана Бельскага, а Соф’я стала жонкаю Ягайлы і польскай каралевай. Маладая каралева здолела ажыццявіць запаветную мару старога караля: аднаго за адным нараджае яна сыноў. Праўда зайздроснікі сцвярджалі, што ў каралевічах няма Ягайлавай крыві. Аднак следства не змагло даказаць здраду Соф’і. Сама каралева прысягнула ў нявіннасці, а тут яшчэ ва ўмовах пастаяннага сачэння за кожным крокам яна нараджае трэцяга хлопчыка, як дзве кроплі падобнага на Ягайлу. Тут ужо ўсе нядобразычліўцы былі вымушаны замаўчаць. Першы сын Соф’і, Уладыслаў, стаў каралём, другі памёр у дзяцінстве, трэці, Казімір, быў выбраны вялікім князем літоўскім, а пасля пагібелі старэйшага брата – і каралём польскім. У 1481 годзе Казімір ледзь не загінуў ад рук сваіх родных Гальшанскіх.
Праваслаўныя князі Фёдар Бельскі, Міхаіл Алелькавіч, Іван Юр’евіч Гальшанскі, незадаволеныя прыціскам сваіх правоў у параўнанні з каталікамі, змовіліся забіць караля і самым правіць краінай, а ў разе няўдачы – перайсці на бок маскоўскага князя Івана ІІІ, прыхапіўшы з сабою ўсходнія землі ВКЛ. Федар Бельскі запрасіў Казіміра на сваё вяселле – тут у час балявання планавалася забіць караля. Але літаральна напярэдадні ажыццяўлення змова была раскрыта. Аказаўся сярод іх здраднік ці проста пашанцавала? Магчыма хтосьці з сучаснікаў і валодае тайнай – але цяпер яна пахаваная пад тоўшчай стагоддзяў і, магчыма, так і застанецца адной з нераскрытых загадак гісторыі. Пасля няўдачы змовы Фёдару Бельскаму ўдалося збегчы ў Маскву, а Міхаіл Алелькавіч і Іван Гальшанскі былі схоплены і прыгавораны да смяротнага пакарання. Можа быць, гэта і стала пачаткам заняпаду роду. У сярэдзіне 16 ст род Гальшанскіх згасае. Апошняя князёўна Гальшанская выйшла замуж за Паўла Сапегу і прынесла родавы маёнтак у пасаг мужу.
У час Паўночнай вайны ў пачатку 18 ст на Гальшаны напала шведскае войска. Быў разбураны замак, спалена вёска. Паводле расповедам мясцовых жыхароў, швэды жорстка здзекаваліся над насельніцтвам, рабавалі. Насельніцтва галадала, успыхвалі эпідэміі.
Але, нягледзячы на частыя войны, якія прыносілі разбурэнні мястэчку, Гальшаны прадаўжалі заставацца цэнтрам рамёстваў і гандлю ў 17-18 стагоддзях.
Пра мястэчка Гальшаны я папрасіў падзяліцца сваімі ўражаннямі Віктара Сазонава, якраз нараджэнца гэтай мясьціны:
Адметныя Гальшаны сваім кляштарам, пабудаваным у стылі віленскага барока, і ягонай незвычайнай аўрай.
“Змрок, напоены светам” – так ахарактарызаваў Уладзімір Караткевіч касцёл у Гальшанах. Павел Стэфан Сапега, які выгнаў са сваіх уладанняў пратэстантаў-кальвіністаў, запрасіў у Гальшаны каталіцкі ордэн францысканцаў і пабудаваў для іх манастыр і касцёл, урачыста асвечаны 6 жніўня 1618 года ў імя Іаана Хрысціцеля. Сапега зрабіў касцёлу і манастыру багатыя падарункі: упрыгожаную жамчугом рызу, бочку рэйскага віна, камень воску і званы, на якіх загадаў вырубіць надпіс: “Павел Сапега, уладальнік Гальшан. Падканцлер ВКЛ”. Просты і манументальны будынак касцёла з фігурным шчытом франтона характэрны для ранняга барока, яшчэ не забыўшага жорсткія рысы готыкі і рэнесанса. Адсутнасць купала прыдае храму адценне сярэдневяковай суровасці і велічнай змрочнасці.
Арган у касцёле не захаваўся, але ў час службы гучыць стагадовая фісгармонія – інструмент нашмат больш сціплы, чым арган, але падобны на яго па прынцыпу дзейнасці і гучання. Каляровыя прамяні з высокіх вітражных вокнаў выхопліваюць са змроку трохнефнай базілікі выразныя твары святых. Нешматлікія абразы прысвечаны традыцыйна ўшаноўваемым у Беларусі Чэнстахоўскай Чорнай Мадонне, Вострабрамскай Божай Матцы. Рэалістычна і эмацыянальна выкананая ў чалавечы рост статуя святога Францыска Асізскага. Побач з заснавальнікам ордэна – яго святыя паслядоўнікі-францішканцы: святар Максіміліян Кольбе, які загінуў у барацьбе з фашызмам: Антоній Падуанскі з дзіцем на руках – ён лічыцца апякуном дзяцей.
Акрамя выяваў святых быў у касцёле і свецкі помнік – мармуровы надмагільнік (“вельмі пышны, накшталт алтара”, паводле сведчання сучаснікаў) з фігурамі Паўла Стэфана Сапегі і трох яго жонак – Халеўскай, Вяселі і Гаслаўскай. Чацвёртая, Даніловіч, перажыла мужа і сама пахавала яго. Па традыцыях тых часоў Сапега паказаны ў позе “спячага рыцара”, у баявых даспехах, якія сімвалізуюць шляхецкую доблесць, а яго жонкі – у цяжкіх, амаль манашых адзежах, з малітоўнікам у руках, што адпавядала ідэялу пакорлівай хрысціянкі. Самі пахаванні Сапег некалькі пакаленняў знаходзіліся ў крыпце – родавай усыпальніцы пад касцёлам. У смутны пасляваенны час касцёл быў закрыты, крыпта разрабавана. Надмагілле Сапег, ужо пашкоджанае, у канцы 70-х гадоў было перавезена ў музей старажытнабеларускай культуры, які знаходзіўся ў Мінску.
Цудам захаваліся ў касцёле фрэскі 18 стагоддзя – герб Сапегаў ў бакавым нефе і грандыёзны роспіс у алтарнай частцы, які паказвае сцэну хрышчэння Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем, у імя якога асвечаны храм. Варты здзіўлення ілюзорны жывапіс невядомага мастака: аркады і каланады, мастэрскі намаляваныя на зусім пляскатай сцяне, ствараюць поўнае ўражанне паўкруглай апсіды. На другім ярусе алтара выява Іаана Евангеліста. Зараз касцёл вернуты веруючым, у ім вядуцца службы і прадаўжаецца рэстаўрацыя.
У манастыры аж да 1834 года жылі манахі францішканцы. У будынку была створана ўнікальная сістэма ацяплення – у сценах па ўсяму манастыру была пракладзена сетка дымаходаў, якія дазвалялі ацяпляць вялізны будынак 12 комінамі. У 20 стагоддзі коміны разбурылі, а ў манастыры, які пасля вайны быў дзіцячым домам, паставілі 85 печак, але і гэтай колькасці было недастаткова, каб абагрэць увесь манастырскі комлекс. У час вайны 1812 года ў манастыры спыняліся французы, з той пары ў манастыры час ад часу знаходзяць бутэлькі ад французскага віна (а то і з віном). Потым тут размясцілася польскае войска, затым чырвонаармейцы, немцы ў час ВАВ. І толькі 15 гадоў назад будынак быў узяты пад ахову Нацыянальным Мастацкім музеем. Менавіта з гэтым манастыром звязана легенда пра Белую Панну...
Павал Стэфан Сапега вырашыў прымеркаваць адкрыццё манастыра да аднаго са свят. Але ў час агляду адна са сцен нечакана абвалілася. Князь загадаў тэрмінова аднавіць яе. Але і ў другі раз сцяна абвалілася якраз на яго вачах. Гневу кіраўніка не было мяжы. Напалохаўшыся, будаўнікі вырашылы прынесці ахвяру – замураваць у сцяну першую жонку, якая прынясе абед. Малады каменшчык, які толькі што ажаніўся больш за ўсіх прасіў бога, каб не яго каханая аказалася першай... Але яго малітвы не былі пачуты. Менавіта яе маладую і прыгожую замуравалі ў сцяну... Прайшлі стагоддзі, амаль знік гальшанскі замак, перабудоўваўся касцёл, а манастыр стаіць усё так жа моцна. Душа маладой жанчыны не дае яму ўпасці... А па начам пад скляпеннямі адзінокіх манастырскіх келій, гулкім рэхам разносяцца яе хуткія крокі... Рэстаўратары, якія працавалі ў падзямеллях манастыра, знайшлі там нямала чалавечых шкілетаў. Быў там і яшчэ адзін шкілет – ён быў замураваны ў сцянной нішы... Ну а далей пачалося... Косці вырашылі пахаваць. Справа была зімой, таму прапанавалі закапаць косці на могілках, запомніць месца, а вясной паставіць крыж і адспяваць. За гэтую справу ўзяліся двое мясцовых жыхароў. Невядома куды яны падзелі парэшткі, але ў хуткім часе мужчыны неспадзявана памерлі, а ў сценах манастыра сталі з’яўляцца трэшчыны. З той пары ў манастырскіх кельях пачалася тварыцца сапраўдная чартаўшчына. Жанчына вартаўнік, прыдрамаўшы ноччу, учула, як за яе плячыма зашумеў натоўп, людзі гаварылі на незразумелай мове, адзежа іх была падраная, шлёпалі босыя ногі... Яны рухаліся да бліжэйшай сцяны і знікалі там. Жанчына хацела падняць галаву, але не змагла, ад бясілля заплакала, і тут хтосьці ўзяў яе за плечы. Падняўшы галаву, яна ўбачыла ў выставачнай зале толькі лёгкі туман. Вось яшчэ гісторыя. У адзін з гадоў у манастыр прыехалі з кінастудыі “Беларусьфільм” здымаць перадачу, прысвечаную Караткевічу. У адным з фрагментаў актрыса, апранутая ў белую сукенку, мусіла ствараць вобраз Белай Панны. Калі ўлучылі камеру і актрыса пачала спускацца з другога паверху, яна ўскрыкнула і павалілася ўніз. Актрыса атрымала сур’ёзнае сатрасенне. Пазней яна расказвала, што перад падзеннем адчула моцны штуршок у плечы... Наогул у манастыры ёсць асаблівы пакой – вежа прывідаў (кабінет дырэктара па сумяшчальніцтву). Менавіта гэта месца валодае ўнікальнай энэргетыкай і менавіта тут адбываецца большасць нерастлумачаных з’яў. Менавіта ў гэтым пакоі спыняюцца ўсе, хто прыязжае – гісторыкі, вучоныя, археолагі і проста камандзіраваныя. Раней тут размяшчалася ці то капліца, ці то манастырская старожка.
Габінет унікальны сваёй столлю – у выглядзе шасціканечнай зоркі. Не аднойчы бачылі ў гэтым пакоі і саму Белую Панну. Некалькі гадоў назад у музей прыехалі фізікі з акадэміі навук. Замеры ў манастыры паказалі моцнае магнітнае выпраменьванне, а калі яны ўвайшлі ў вежу прывідаў, прыборы наогул перасталі дзейнічаць. Былі тут і вучоныя з Францыі. Яны мяркуюць, што Гальшаны знаходзяцца на разломе зямной кары, гэтым і тлумачыцца павышанае магнітнае выпраменьванне. Але няма тлумачэння таму факту, што на другім паверсе вежы – прыборы паказалі “поўны штыль”.
А галоўным прыцягальным месцам Гальшанаў ёсць стары замак.
Чорны замак Альшанскі. Уладзімір Караткевіч выпісаў яго як захоўніка легендаў, як замак поўны неразгаданых тайнаў і неадкрытых багаццяў.
Адны даследчыкі вызначаюць архітэктуру замка як барока, іншыя бачаць тут рысы нідэрландскага рэнесансу. Замак у Гальшанах быў пабудаваны Паўлам Стэфанам Сапегай на мяжы 16 і 17 стагоддзяў замест старога струхнелага родавага гнязда Гальшанскіх. Замак Гальшанскіх прадстаўляў сабою шыкоўную магнацкую рэзідэнцыю. Сцены і столь пакояў пакрываў фрэскавы роспіс і ляпніна, падлога была выкладзена керамічнай пліткай, печы – гербавай кафляй. У замку захоўвалася ўнікальная бібліятэка, багацейшая калекцыя карцін і зброі... У адну з замкавых сцен была ўмуравана капліца – маленькая “хатняя” царква. У той жа час замак быў абаронным: шасцігранныя вежы, выдзвінутыя за перыметр сцен, дазвалялі весці бакавы абстрэл ворага, жылыя корпусы ўтваралі замкнуты двор, папасці ў які можна было толькі праз арачны тунэль ва ўязной вежы. Працякаючы побач ручай Карабель напаўняў вадой замкавыя ірвы.
Падземнымі хадамі замак-палац быў звязаны з манастыром і старажытным гарадзішчам. Гавораць, па некаторым з іх спакойна могуць праехаць некалькі вершнікаў. Палац быў незвычайна прыгожы і раскошны.
Замак вытрымаў бітвы з часам – чатыры стагоддзя пратрымаліся яго сцены, і былі разбураны ў нашы дні. Дасталося яму ад шведаў, у час Паўночнай вайны, затым па царскаму загаду была ўзарвана адна з яго вежаў, але старажытныя сцены вытрымалі і гэтыя іспыты. Апошні ўладальнік пакінуў палац у 1936 годзе. У 60-я прадвінутая і ідэялагічна падкаваная моладзь паліла іконы, крыжы і старажытныя кнігі. І вырашылі яны аднойчы пабудаваць у мястэчку палац культуры. А пабудаваць яго вырашылі з замкавай цэглы. Камсамольцаў не адпускалі на канікулы пакуль яны не выкалупаюць з замкавых сцен па 80 цаглін. У гэтай няроўнай стычцы замак паў...
Затым на руінах быў жывёльны двор ( яго пазней усё такі ўбралі). Сягодня гальшанскі палац, пасля шматлікіх бітваў з часам і людзьмі, глядзіць на навакольны свет пустымі вачніцамі чорных вакон. Усё яшчэ падымаюцца да неба астанкі дзвух вежаў. Захаваліся (пакуль яшчэ) і сцены жылых пакояў, дзе некалі былі вялізныя залы. У самым цэнтры палаца перакрыцці абваліліся і добра відаць арачныя скляпенні першага паверха і падземных узроўняў. А, спусціўшыся ўніз, можна знайсці некалькі засыпаных уваходаў у падзямелле.
Як звычайна хочацца расказаць пра тых знакамітых людзей, якія нарадзіліся альбо жыццёвы шлях якіх быў звязаны з мястэчкам. У Гальшанах нарадзіўся Анастаз Кярсьніцкі (15.7.1678-1733), каталіцкі тэоляг, правазнавец, пэдагог, пісьменьнік.Цікава, што ў Гальшанах, дзе пераважае праваслаўнае насельніцтва, адначасна моцныя менавіта беларускія каталіцкія традыцыі. Так тут нарадзіўся Янка Вярсоцкі (17.2.1888-22.12.1937), беларускі рымска-каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч, які вучыўся у Ашмянах. Лёс яго, як і многіх іншых сьвятароў пры бальшавіках склаўся трагічна. У чорным 1937-ым ён быў расстраляны ў турме НКВД г. Алматы (Казахстан). З роду Вярсоцкіх паходзіць яшчэ адна цікавая асоба – Міхал Вярсоцкі, спартовец, які выступаў на алімпійскіх гульнях 1936 году ў Берліне. Нарадзіўся Міхал у вёсцы Стайкі Ашмянскага павету (зараз гэта Валожынскі раён), але вырас, вучыўся і жыў у менавіта ў Гальшанах. Міхал Вярсоцкі быў выдатным стралком, а на згаданай алімпіядзе выступаў пад сцягам Польшчы. У Берліне сярод 66 удзельнікаў ён заняў прыстойнае 24-е месца.Вярсоцкі быў спартоўцам-універсалам, акрамя стральбы ён займаўся плаваннем і лыжамі. Пасля другой сусветнай вайны алімпіец стаў ветэрынарным лекарам. Лячыў жывёлу, усяляк дапамагаў местачкоўцам. Памёр ён у 1979 годзе і пахаваны на мясцовых могілках.
У 1920-28 гадах у Гальшанах працаваў пробашчам яшчэ адзін вядомы сьвятар – Вацлаў Родзька (нар. на Віленшчыне,1988-22.5.1940). І канешне трэба згадаць найбольш ведамую асобу – Вінцука Адважнага (Язэпа Германовіча, 4.3.1890-26.12.1978), беларускага каталіцкага сьвятара, пісьменьніка, паэта. Пасля сканчэння Віленскай гімназіі Германовіч служыў ксяндзом. У 1920-ым арганізаваў беларускую школу казанні прамаўляў толькі па-беларуску. Пазьней уступіў у ордэн марыянаў у Друі, выкладаў у мясцовай гімназіі. Двойчы з місіяй накіроўваўся ў кітайскі Харбін. Другі раз у 1938 годзе. У 1948-ым быў арыштаваны кітайскай міліцыяй і выданы саветам. Быў засуджаны да 25 гадоў савецкіх канцлягераў. У 1955 годзе выехаў у Польшчу, далей у Італію, а рэшту жыцця пражыў у Лёндане, дзе рэдагаваў часопіс “Божым шляхам”. Свой жыццёвы лёс Германовіч распавёў у мемуарах “Кітай-Сібір-Масква”, якія дарэчы былі надрукаваныя не толькі па-беларуску, але і па італійску, па-польску і па-летувіску.
Што ж можна ўбачыць сёння ў Гальшанах?
У Гальшанах добра захавалася старая планіроўка, якая сведчыць пра тое, што сённяшняя вёска была калісьці мястэчкам, г.зн. гарадком. Акрамя развалін замка і комплекса францысканцаў тут можна ўбачыць царкву 19 ст, вадзяны млын на рацэ Гальшанка, гэтыя помнікі беларускай архітэктуры, а таксама прыгожая капліца з фігурай Ісуса Хрыста, які нясе своё крыж, буйная праваслаўная царква 1901 года ў рознай ступені захаваліся да нашых дзён. А ў некалькіх кіламетрах ад Гальшан знаходзіцца старажытнае гальшанскае гарадзішча, з якім таксама звязаны шматлікія легенды.
Акрамя таго, у вёсцы працуе два музэі. У былым францішканскім манастыры размясціўся філіял Нацыянальнага мастацкага музея, дзе можна ўбачыць выставы замежных і лепшых беларускіх мастакоў, графікаў, скульптараў.
У Гальшанскай сярэдняй школе ўжо больш 20 гадоў існуе гісторыка-краязнаўчы музей. У ім можна ўбачыць шмат старажытных рэчаў, звязаных з 7 стагоддзямі гісторыі Гальшан. Гэты музей змяшчае каштоўны матэрыял і прадстаўляе вялізны інтарэс для турыстаў. А стварыў музей настаўнік гісторыі Гальшанскай школы Эдуард Корзун У музеі няма муляжоў, усе экспанаты – старажытная зброя, кераміка, пячаткі, старажытныя манеты – сапраўдныя, непадробныя. Як непадробнае і самабытнае ўсё ў Гальшанах.
Яшчэ адна славутасць Гальшан – драўляны вадзяны вятрак, пабудаваны больш 100 гадоў назад. Будынак і сягодня знаходзіцца ў цудоўным стане, а ў поўнач, тыя хто прыйшлі да ветрака, могуць пачуць шум лопасцей і скрыгатанне жорнаў, якія мелюць зерне...
Гальшаны далёка вядомы, дзякуючы сваёй цікавай гісторыі, помнікам архітэктуры, дзякуючы слаўным людзям, якія насялялі мястэчка. Кожны год тут бываюць турысты з розных куткоў Беларусі, Літвы. Часта сюды прыязжаюць гісторыкі, археолагі, архітэктары, мастакі.
Сучасны статус Гальшан – вёска. Але на звычайную вёску Гальшаны не падобныя. Ідучая ў глыбіню вякоў, ахутаная легендамі гісторыя, руіны родавага замка, цені вялікіх князёў, каралей, герояў, якія вітаюць над старажытнымі сценамі, - усё гэта стварае ў Гальшанах аўру злёгку змрочнай, але неадольна прыцягальнай рыцарскай даўніны.
А пасля сустрэчы з Гальшанамі, вы ўжо ніколі не забудзеце гэтае чароўнае месца.






