Літоўскія кампаніі зацікаўлены ў будаўніцтве сучасных гіпермаркетаў у Мінску, паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Табанюхоў, каментуючы вынікі візіту дэлегацыі гарвыканкама ў Літву.
Прадстаўнікі сталічнай мэрыі наведалі сучасныя дзеючыя і будуемыя гандлёва-забаўляльныя цэнтры Вільнюса і Каўнаса "Акропаліс", "Еўропа-цэнтрас", "Эрмітажас", "Бангініс", "Панарама". "Мы пабывалі ў гіпермаркетах новага пакалення, плошчай да 80 тыс.кв.м. Гэта цэлыя вуліцы і гарады. У Мінску ж пакуль што плошча самага буйнога такога аб'екта - 20 тыс.кв.м", - сказаў Алег Табанюхоў, дадаўшы, што такі напрамак гандлю павінен развівацца і ў беларускай сталіцы.
Дэлегацыя Мінскага гарвыканкама правяла перагаворы з уласнікамі гэтых самых сучасных цэнтраў гандлю, паслуг і забаў, а таксама з кіраўнікамі кампаній, якія маюць вопыт будаўніцтва гіпермаркетаў. У прыватнасці, мінчане сустрэліся з кіраўніцтвам адной з самых буйных у Літве будаўнічых кампаній Mitnija, а таксама з аўтарам праектаў некалькіх гандлёвых комплексаў Літвы архітэктарам Гедымінасам Юравічусам.
Мінск і Літва ўзаемна зацікаўлены ў рэалізацыі на тэрыторыі беларускай сталіцы шэрага праектаў у гэтай сферы. Па выніках перамоваў прадстаўнікі літоўскіх кампаній і архітэктары запрошаны ў Мінск для дэталёвага абмеркавання пытанняў распрацоўкі праектаў і інвесціравання будаўніцтва гіпермаркетаў новага пакалення ў сталіцы. Як чакаецца, больш канкрэтная размова адбудзецца ў канцы мая ў час Дзён Літвы ў Мінску. //БЕЛТА






