Беларусь імкліва набліжаецца да фінансавай бездані. Згодна з дадзенымі афіцыйнай статыстыкі, сукупны знешні доўг краіны за першы квартал вырас на мільярд долараў ЗША. Па стане на 1 красавіка 2008 года ён складаў 13 млрд. 630 млн. долараў ЗША. Чаму беларускія ўлады так актыўна пазычаюць грошы і чым прыйдзецца разлічвацца, калі настане час плаціць па рахунках? Пра гэта ў рэпартажы Рацыі.
Яшчэ некалькі год таму Аляксандр Лукашэнка ганарыўся тым, што знешняя запазычанасць Беларусі не перавышала 800 мільёнаў долараў ЗША. Аднак сітуацыя змянілася, пасля таго, як Крэмль прымусіў беларускія ўлады ў разліках за газ перайсці на рынкавыя кошты. Поўнага пераходу пакуль, як вядома, не адбылося, аднак нават тыя 35 адсоткаў за вуглевадароднае паліва, якія зараз вымушаная плаціць Беларусь, ураду аказаліся не па кішэні. Таму крэдыты бяруцца адусюль, дзе толькі можна ўзяць – і з Еўропы, і з Расіі, і з Паўднёвай Амерыкі, і з Кітаю. Паводле былога кіраўніка Нацыянальнага банка Станіслава Багданкевіча, тое, што ў эканоміку прыцягваюцца дадатковыя грошы, гэта выдатна. Аднак пужаюць тэмпы, з якімі растуць беларускія запазыкі:
- Яшчэ летась даўгі краіны былі амаль ў два разы менш. Гэта вельмі дрэнна, што гэты паказчык расце такімі тэмпамі. Хоць агульная запазычанасць пакуль яшчэ дапушчальная, і яна не ўплывае адмоўна на нашу эканоміку.
Як лічыць Станіслаў Багданкевіч, як толькі доўг перасягне 50 адсоткаў ад ВУП – эканамічная незалежнасць Беларусі апынецца пад пагрозаю. Пры гэтым эксперт падкрэслівае, што прыцягнутыя ў краіну фінансавыя рэсурсы, ўлады выкарыстоўваюць неэфектыўна, большай часткай банальна іх праядаючы:
- Пра гэта сведчаць знешнеэканамічныя паказчыкі. Дакладней, дэфіцыт знешнегандлёвага балансу. Калі мы на мільярды долараў спажываем больш, чым вырабляем. Гэта першае. І другі благі паказчык – тое, што ўсе запазыкі ідуць праз банкаўскую сістэму. Гэта таксама вельмі дрэнна і звязана з адсутнасцю ў краіне фондавага рынка.
Кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук згодзен з экс-старшынём Нацыянальнага банку ў тым, што замежныя крэдыты ўрад выкарыстоўвае вельмі неэфектыўна:
Пакуль, паводле спадара Раманчука, урад мае магчымасць павялічваць свае знешнія запазыкі, бо доўг краіны складае недзе 30 адсоткаў ад ВУП. Але хуткім часам уладам прыйдзецца плаціць крэдыторам па рахунках. І можа ўзнікнуць вельмі небяспечная сітуацыя:
- Калі нам перастануць даваць у доўг без таго, каб не адняць нашую маёмасць. Можа ўзнікнуць сітуацыя, што ў Беларусі наогул не будзе ніякай прыватызацыі, а будзе праведзеная аперацыя: даўгі ўзамен на актывы.
- Ну, калі краіна пазычае грошы, каб потым укладаць іх у праекты, якія зарабляюць грошы, то гэта вельмі добра. Але, на жаль, у Беларусі гэтыя рэсурсы ідуць на механічнае павелічэнне валавага унутранага прадукту, на тое, каб выканаць прагнозныя паказчыкі. І амаль усе грошы праходзяць праз дзяржаўную кішэнь.
Паколькі галоўнымі інвестарамі беларусаў з’яўляюцца расійскія банкі, то ім і перападуць самыя ласыя кавалкі беларускай маёмасці, лічыць Раманчук.
Кастусь ВАНСЯЦКІ







Каментары