Урад зацвердзіў пералік тавараў (у асноўным харчовых), у адносінах да якіх могуць быць устаноўлены часовыя абмежаванні або забарона на экспарт. Як паведаміла прэс-служба ўрада, такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў ад 10 ліпеня 2008 года.
У пералік уключаны: мяса буйной рагатай жывёлы, свініна, бараніна або казляціна, малако і вяршкі (у тым ліку згушчаныя), амаль усе злакавыя (пшаніца, меслін, жыта, ячмень, авёс, кукуруза, грачыха, проса), а таксама мука пшанічная або пшанічна-жытняя, крупы, мука грубага памолу і гранулы з зерня злакаў, зерне злакаў, апрацаванае іншымі спосабамі (напрыклад лушчанае, плюшчанае, перапрацаванае ў шматкі, абрушанае ў выглядзе сечкі або здробленае). У спіс таксама ўключаны соевыя бабы, насенне рапсу або кользы, сланечніка; алей соевы, сланечнікавы, рапсавы або гарчычны.
Таксама ў пералік уключана прадукцыя, якая выкарыстоўваецца на корм жывёле, неапрацаваныя шкуры буйной рагатай жывёлы, лён мяты, трапаны, часаны або апрацаваны нейкім іншым спосабам, але не прадзены.
Як зазначаюць ва ўрадзе, "пералік харчовых і іншых тавараў, што экспартуюцца, дазволіць дакладна кантраляваць рэалізацыю гэтых тавараў і не дапусціць іх дэфіцыту на ўнутраным рынку". "Гэтыя меры звязаны з выкананнем патрабаванняў па арганізацыі харчовай бяспекі краіны. Класіфікацыя тавараў прыведзена ў поўную адпаведнасць з Таварнай наменклатурай знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Пры змене сітуацыі на ўнутраным рынку пералік можа быць дапоўнены або зменены.
Дакумент набудзе мець моц пасля яго афіцыйнага апублікавання, паведамляе БелаПАН.






