З 1 студзеня 2009 года ў Беларусі на 20—25% будзе павышана зарплата настаўнікам. Аб гэтым заявіў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 18 ліпеня.
Павышэнне тарыфных ставак (акладаў) педагогам агульнаадукацыйных і спецыяльных устаноў (акрамя спецыяльных дашкольных устаноў адукацыі) і ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадугледжана дэкрэтам прэзідэнта № 15 "Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі" ад 17 ліпеня 2008 года.
Акрамя таго, у адпаведнасці з дэкрэтам маладым спецыялістам павінны быць устаноўлены штомесячныя даплаты. Як патлумачыў А.Радзькоў, выплаты будуць ажыццяўляцца ў памеры стаўкі першага тарыфнага разраду (зараз яе памер складае 73 тыс. рублёў).
Згодна з новымі правіламі, кіраўнікам навучальных устаноў будуць выплачвацца надбаўкі за кваліфікацыйныя катэгорыі. "Калі раней дырэктар школы быў настаўнікам вышэйшай катэгорыі, але не атрымліваў надбаўкі, то цяпер мы пакінулі яму гэтую надбаўку", — сказаў міністр.
Рашэнне аб зніжэнні стаўкі настаўнікам да 16 гадзін у тыдзень (такая магчымасць абмяркоўвалася раней) не прынята. Стаўка, як і раней, будзе складаць 18 гадзін у тыдзень, заявіў А.Радзькоў, паведамляе БелаПАН.






