У першым паўгоддзі 2008 года ў Беларусі знізілася вытворчасць тэлевізараў, гадзіннікаў, веласіпедаў і матацыклаў. Паводле звестак Міністэрства статыстыкі і аналізу, за шэсць месяцаў выраблена 362,6 тыс. тэлевізараў, што на 5,3% менш, чым за аналагічны леташні перыяд. Бытавых гадзіннікаў выпушчана 229,2 тыс. (на 4,2%), веласіпедаў — 123,8 тыс. шт. (на 50%), матацыклаў — 3.552 (на 10,4%).
Разам з тым на складах прадпрыемстваў маюцца значныя запасы некаторых тавараў. Так, па стане на 1 ліпеня налічвалася 96,8 тыс. тэлевізараў (160,3% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці). Запасы бытавых гадзіннікаў у 28,9 раза перавышаюць сярэднямесячны аб'ём вытворчасці, веласіпедаў — у 2,9 раза, металарэзных станкоў — амаль у 2 разы, аўтобусаў — у 1,9 раза, пральных машын — у 2,9 раза.
У цэлым, паведамляе Мінстат, аб'ём прамысловай вытворчасці ў машынабудаванні і металаапрацоўцы ў студзені—чэрвені гэтага года павялічыўся на 13,6% і ў супастаўных цэнах склаў 13 трлн. 004,3 млрд. рублёў. Найбольшымі тэмпамі расла вытворчасць кавальных машын — на 29,1% да 133 шт., трактароў — на 20,5% (34,9 тыс.), ліфтоў — на 34% (4.150), зернеўборачных камбайнаў — на 44% (1.496), пральных машын — на 53,3% (121,1 тыс. шт.), паведамляе БелаПАН.




