Урад Беларусі прыняў план прыватызацыі на 2008-2010 гады. Рашэнне зацверджана пастановай Савета Міністраў нумар 1021. План прыватызацыі складаецца з дзвюх частак. У першую ўвайшоў пералік прадпрыемстваў, якія прапануецца акцыяніраваць за наступныя тры гады. У ім прадстаўлена 519 прадпрыемстваў рэспубліканскай уласнасці, як буйных, так і невялікіх. У другім пераліку - 147 адкрытых акцыянерных таварыстваў, пакеты акцый якіх будуць прадавацца ў адпаведнасці з дэкрэтам нумар 7.
Пастанова ўступае ў сілу з дня яе афіцыйнага апублікавання.
Адзначым, што дэкрэт нумар 7 ад 14 красавіка 2008 года паступова адмяняе абмежаванні на абарачэнне ў Беларусі акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе раздзяржаўлення і прыватызацыі, адчужэнне якіх раней было замарожана.
На першым этапе (з 17 ліпеня 2008 года) адмяняецца абмежаванне на адчужэнне акцый таварыстваў, у статутных фондах якіх доля дзяржавы або адсутнічае ўвогуле, або складае 75 працэнтаў і больш. Таксама поўнасцю адмяняецца забарона на адчужэнне акцый перададзеных сельгасвытворцам акцыянерных таварыстваў, што ажыццяўляюць перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі, і прадпрыемстваў хлебапрадуктаў.
На другім этапе (з 1 студзеня 2009 года) будуць адменены абмежаванні на адчужэнне акцый акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржавы больш як 50 працэнтаў.
Пры гэтым на першым і другім этапе адмена абмежаванняў не распаўсюджваецца на акцыі акцыянерных таварыстваў, якія забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі.
На трэцім этапе (з 1 студзеня 2011 года) усе абмежаванні будуць поўнасцю адменены.
Продаж акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе раздзяржаўлення і прыватызацыі, будзе ажыццяўляцца на конкурсах і аўкцыёнах.
Дэкрэт выдадзены ў мэтах удасканалення заканадаўства па пытаннях прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Дакумент прадугледжвае фарміраванне на трохгадовы перыяд плана прыватызацыі аб'ектаў рэспубліканскай уласнасці. Дэкрэтам прадпісана падрыхтаваць пералік рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў, якія падлягаюць прыватызацыі шляхам пераўтварэння ў адкрытыя акцыянерныя таварыствы, а таксама пералік ААТ, акцыі якіх, прыналежныя Рэспубліцы Беларусь, падлягаюць продажу, паведамляе БЕЛТА.






