Свабодная эканамічная зона (СЭЗ) "Мінск" плануе прадставіць на інвестыцыйным форуме ў Лондане тры праекты. Аб гэтым паведаміў намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ "Мінск" Аляксандр Кендыш.
Паводле яго слоў, цяпер усе тры праекты існуюць у форме інвестыцыйных прапаноў. "Калі яны зацікавяць інвестараў, будуць падтрыманы, яны стануць паўнацэннымі бізнес-праектамі", - сказаў ён.
Важнейшая прапанова, якая будзе прадстаўлена на разгляд замежных інвестараў, - стварэнне спартыўна-забаўляльнага комплексу на тэрыторыі СЭЗ у вёсцы Ельніца Мінскага раёна. Кошт праекта вызначаны ў памеры $50 млн. На тэрыторыі 27 га плануецца стварыць комплекс, арыентаваны на экстрэмальныя віды спорту, у тым ліку ралі. Тут прадугледжваецца стварыць картынг- і мотатрасы, парк забаўляльных атракцыёнаў, спартыўныя пляцоўкі і многія іншыя аб'екты.
На форуме ў Лондане пройдзе таксама прэзентацыя праекта па будаўніцтву індустрыяльнага парку з неабходным аб'ёмам інвестыцый $20 млн. На сённяшні дзень на тэрыторыі СЭЗ ёсць тэрыторыя 10 га, поўнасцю свабодная ад якіх-небудзь пабудоў і інжынернай інфраструктуры. Пры дапамозе інвестара, непасрэдным удзеле адміністрацыі зоны і суінвестараў у асобе будучых рэзідэнтаў тут прадугледжваецца стварыць неабходную інфраструктуру, пабудаваць будынкі для размяшчэння розных кампаній.
Пры садзейнічанні замежнага капіталу адміністрацыя СЭЗ таксама разлічвае стварыць на тэрыторыі зоны адміністрацыйна-дзелавы цэнтр, у якім будуць пабудаваны офісныя памяшканні, будынкі для страхавых кампаній, банкаў. Кошт гэтага праекта складае $10 млн.
"Як вядома, СЭЗ "Мінск" - пераважна вытворчая, нам не хапае зоны дзелавых камунікацый, свайго бізнес-цэнтра", - адзначыў Аляксандр Кендыш.
Намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ "Мінск" падкрэсліў, што інвестыцыйная прывабнасць зоны і цікавасць да яе замежных інвестараў з кожным годам павялічваецца. Цяпер тут рэалізуецца шэраг буйных праектаў з прыцягненнем замежнага капіталу, расце прыток замежных інвестыцый.
Паводле папярэдняй інфармацыі, за 9 месяцаў бягучага года інвестыцыі ў асноўны капітал рэзідэнтаў СЭЗ складуць Br95 млрд., што ў супастаўных цэнах прыблізна на 5-6 працэнтаў перасягне ўзровень таго ж перыяду мінулага года. Пры гэтым чакаецца, што па выніках гэтага года тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал складзе не менш як 125 працэнтаў, а іх аб'ём дасягне Br145-147 млрд. Аб'ём замежных інвестыцый, што паступілі ў студзені-верасні, паводле папярэдняй інфармацыі, складзе $25 млн. і павялічыцца на 8 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2007 года, паведамляе БЕЛТА.






