Магілёўскі гурт Zatoczka быў зняты з сённяшняга зборнага канцэрту ў мінскім клубе “Step”. Арт-дырэктар клубу кажа, што “гастрольнае пасведчанне мы атрымалі на ўсе гурты, музыкі проста не здолелі прыехаць”. Музыкі ж даводзяць, што “арганізатары нам сказалі, што супраць нашага выступу былі ў Міністэрстве культуры”.

Слова - арганізатарам: “Кіраўніцтва клубу паставіла нас перад выбарам: альбо канцэрт праходзіць без удзелу гурта Zatoczka, альбо не праходзіць зусім”.
Ідэя канцэрту належыць прыватным асобам. Арганізатарка Надзя тлумачыць, што яна не займалася ўзгадненнем спісу гуртоў і атрыманнем гастрольнай ліцэнзіі: “Так, я паведаміла магілёўскім музыкам, што мы вымушаныя адмовіцца ад іх выступу, бо яны не прайшлі праз Мінкульт. Мне гэта было сказана ў такой форме, я і перадала. Падрабязнасцяў не ведаю, бо выступаю толькі замоўцам вечарыны”.
Непасрэдная выканаўца вечарыны таксама, як выявілася, ніякіх падрабязнасцяў не ведае: “Мне так паведамілі ў клубе, яны ўзгаднялі пытанне з чыноўнікамі - кіраўніцтва паставіла нас перад выбарам: альбо канцэрт праходзіць без удзелу гурта Zatoczka, альбо не праходзіць зусім”.
Аднак, арт-дырэктар клубу “Step” Яўген Марозаў тое абвяргае: “Гастрольнае пасведчанне было атрымана без праблемаў на ўсе гурты-выступоўцы. Аніякіх праблем не паўстала. Але мне арганізатары паведамілі, што ў гурта Zatoczka нейкі канцэрт у Расіі - і яны не паспяваюць прыехаць”.
Музыкі з гурта Zatoczka былі нямала здзіўленыя тэлефанаванню ад арганізатараў, бо збіраліся 17 сакавіка выступіць у Мінску. Удзельнік каманды Ілля Касценіч так патлумачыў сітуацыю: “Мы так і не зразумелі ад каго сыходзіць забарона на наш выступ, але мушу сказаць ад усяго гурта: мы бачым, што нашаму калямузычнаму і псеўдаінтэлектуальнаму бамонду падаецца не надта зручнай наша пазіцыя і нас намагаюцца прыціснуць”.
Музыка не думае, што кагосьці мог напужаць адзін з хітоў гурта – “Прэзідэнт гуляе ў хакей”: “Песню можна трактаваць дваіста і не думаю, што прычына тут палягае ў тым, што наш гурт мае песні па-беларуску, выступаў на “Басовішчы” і гэтак далей. Мяркую, што вядзецца пра іншае”. Ілля лічыць, што тут ёсць сувязь з тым, што Zatoczka – музычна-спартовая каманда.
Арганізатар рок-канцэртаў Віталь Супрановіч мяркуе, што прычынай адмовы ў гэтым выпадку магла стаць асцярожнасць клубнага кіраўніцтва: “Апошнім часам уладальнікі пляцовак звяртаюць асаблівую ўвагу на прыналежнасць гурта, бо не хочуць бачыць панкаў на канцэртах, каб засцерагчыся канфліктаў, сутычак, правакацый. Справа ў тым, што калі граюць гурты антыфашысцкага кірунку, то могуць прыйсці і фашысты, тады канфлікту не пазбегнуць”. Варта дадаць, што два гады таму на панк-канцэрце ў мінскім клубе “Leo” адбылася бойка між неанацыстамі і наведнікамі канцэрту, у выніку якой чатыры чалавекі былі шпіталізаваныя. Пасля гэтага канцэрты ў згаданым клубе больш не праводзіліся.
Сяргей БУДКІН






