Па словах беларускага скульптара Івана Міско, сёлета, у канцы жніўня, у Слоніме плануецца адкрыць помнік беларускаму дзяржаўнаму дзеячу Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу. Помнік усталююць у цэнтры Слоніма — у скверы на плошчы Леніна. Гэта будзе першы помнік вялікаму канцлеру ў Беларусі.

Слонім у свой час быў галоўнай рэзідэнцыяй Льва Сапегі. Пры ім горад над Шчарай стаў культурным, прамысловым і палітычным месцам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер Сапега ўзвёў мураваны палац, дзе са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі Вялікага княства Літоўскага. Сюды прыязджалі пасланцы з Віленскага, Наваградскага, Менскага, Смаленскага, Чарнігаўскага і іншых ваяводстваў. Гэтыя сеймікі адбываліся ў Слоніме ажно да 1685 года, калі ўжо і не было Льва Сапегі. У слонімскім замку знахо¬дзіліся і добрая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега добраўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аўстэрыяў. У 1595 годзе слонімскі староста аднавіў спалены ў 1506 годзе крымскімі татарамі касцёл Святога Андрэя. Пазней касцёл быў перабудаваны, а сучасны выгляд ён набыў у 1775 годзе. Сярод вялікай колькасці сапегаўскіх фундацый (канцлер на тэрыторыі ВКЛ збудаваў 25 храмаў) касцёл Святога Андрэя ў Слоніме да сённяшніх дзён выдзяляецца сваім адметным архітэктурным стылем.
У часы Льва Сапегі слонімскі касцёл ператвараецца ў адзін з цэнтраў рэлігійнага жыцця не толькі горада, але і ўсяго княства. На тэалагічныя дыспуты сюды прыязджалі нават Сымон Будны і Пётр Скарга. Акрамя касцёла Святога Андрэя, чальцы сапегаўскай дынастыі ўзвялі ў Слоніме касцёл бернардзінцаў, малітоўню для рэгулярных лютэранскіх канонікаў. Акрамя гэтага, Сапегі спрыялі распаўсюджванню ў Слоніме школаў ды калегіумаў, якія дзейнічалі пры гарадскіх касцёлах і цэрквах. У Слоніме часоў Льва Сапегі, як піша Валянцін Дубатоўка ў сваёй кнізе “Архіпелаг Сапегаў”, існавала “адна з самых вялікіх у ВКЛ друкарняў, дзе, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, набіраўся вядомы на ўсю Еўропу Статут Вялікага княства Літоўскага”. Слонімцы і сёння ганарацца сваім гербам, распрацаваным і ўхваленым па хадайніцтве Льва Сапегі ў 1561 годзе: на блакітным полі залаты леў з гербам “Ліс” у лапах. А таксама і знакамітым Жыровіцкім Евангеллем з уласнаручным фундушавым запісам канцлера.
Праект помніка Льву Сапегу даўно зацверджаны рэспубліканскім эксперта-манументальным саветам, піша “Газета Слонімская”. Але на выраб і ўсталяванне помніка патрэбны грошы. Таму Слонімскі райвыканкам дзеля гэтага адкрыў спецыяльны рахунак для ахвяраванняў у філіяле №422 ААТ “АСБ “Беларусбанк” у г.Слоніме № 3632213340024, код 852 (Слонімскі райвыканкам, УНП 5000 10377). На гэты рахунак грошы могуць пералічваць арганізацыі, прадпрыемствы, прадпрымальнікі і ўсе, хто нераўнадушны да гісторыі нашай Бацькаўшчыны.






