07-05, 16:22

“Баравікі” Купалы

Кіраўнік Міжнароднага фонду Янкі Купалы, прафесар Вячаслаў Рагойша першым дасканала даследаваў рукапісы Янкі Купалы, а падчас гэтай працы знайшоў дзесятак новых твораў беларускага класіка. 

Ён прысвяціў цэлы год таму, каб апісаць усе знойдзеныя рукапісы беларускага пісьменніка. Даследчык падрабязна апывёў пра кожны аркуш, напісаны рукой Купалы. Улічваліся ўсе падрабязнасці, нават якімі чарніламі, на якім фармаце і на паперы якой фірмы паэт рабіў занатоўкі. Сам даследчык кажа: каб не жонка Купалы - не з’явілася бы гэтага грунтоўнага даследавання:

- Менавіта Уладзіслава Францаўна Станкевіч (Луцэвіч) адразу пасля смерці мужа пачала збіраць яго рукапісы. Яна неймаверна шмат зрабіла, каб захаваць спадчыну паэта. Потым эстафету перанялі іншыя. Вельмі шмат знайшла рукапісаў Ядвіга Раманоўская. Купалавы рукапісы знаходзілі не толькі ў Расіі, Украіне і Польшчы, але і, прыкладам, у Грузіі.

Купалазнаўца Анатоль Сідарэвіч кажа, што з інфармацыяй пра рукапісы Янкі Купалы можна азнаёміцца ў каментарах у Поўным збору твораў паэта, праца над якім была скончана пяць год таму. Але сістэмнага даследавання дагэтуль ніхто не праводзіў. Больш за тое, “Рукапісная спадчына Янкі Купалы” стала першым падобным каталогам у Беларусі:

- Дагэтуль ні Купалавы, ні Коласавы, ні Багдановічавы рукапісы не апісаныя сістэматычна. Такая праца вельмі патрэбная найперш для тых, хто займаецца купалазнаўствам. Каб узяць кнігу прафесара Рагойшы і дазнацца: дзе ляжыць гэты рукапіс, што ён сабой уяўляе і нават даведацца, ці зможа ён атрымаць яго арыгінал альбо толькі копію.

Падчас працы над каталогам Вячаслаў Рагойша знайшоў з дзесятак невядомых і раней недрукаваных твораў Янкі Купалы. Сярод іх – вершы, якія, на думку прафесара Рагойшы, могуць узбагаціць кніжку дзіцячых твораў паэта, а таксама пераклад урыўка з оперы “Майстры”, сатырычны верш, які так і не набыў назвы ды іншыя цікавыя знаходкі. Спадар Рагойша кажа, што ўдалося знайсці кананічныя, то бок канчатковыя, варыянты вершаў, ужо друкаваных у Поўным зборы твораў. Зрэшты, як мяркуе прафесар, спадчына беларускага класіка яшчэ не хутка будзе зведаная да канца:

- Поле пошукаў - вельмі вялікае. Шмат якія даследчыкі шукаюць нечага новага. Надта шчыравалі ў пошуках тэкстолагі Інстытута літаратуры пры падрыхтоўцы Поўнага збору твораў. Але атрымліваецца як у тым грыбным лесе: здаецца, што ўсё сабралі, а потым прыходзяць новыя грыбнікі - і хоць некалькі баравікоў абавязкова знойдуць.

Выданне тома на 480 старонак “Рукапісная спадчына Янкі Купалы” праспансаваў Фонд прэзідэнта Беларусі. Прэзентацыя кнігі мае адбыцца сёння ўвечары ў мінскім музеі імя паэта.

Сяргей БУДКІН
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя