Сёлетняе ўшанаванне памяці Янкі Купалы пройдзе зусім сціпла, хоць расцягнецца амаль на два тыдні.
Ужо 27 чэрвеня раніцай у касцёле Святога Роха, што на Залатой горцы ў Мінску, адбудзецца імша. Дырэктар музея Янкі Купалы Алена Мацевасян кажа, што на гадавіну смерці паэта яны заўжды замаўляюць асобную імшу. Сёлета давялося яе пасунуць на дзень раней, каб правесці менавіта ў гонар Купалы.
- Сёлета 28-га ў касцёле будзе праходзіць агульная імша па ўсіх памерлых і асобную імшу не выпадала зрабіць. Але ксёндз усё ж пагадзіўся правесці яе на дзень раней, у пятніцу.
У гэты ж дзень а 16-ай гадзіне плануецца ўскласці кветкі да магілы Купалы, што на Вайсковых могілках. Купала быў пахаваны ў Маскве, але праз 20 год пасля яго смерці ўрну з прахам паэта прывезлі на Радзіму. Сёлета будзе адзначацца адразу дзве даты – 126 год з дня нараджэння паэта і 60 год першаму філіялу музея Янкі Купалы. З гэтай нагоды дырэктар музею Алена Мацевасян запрашае ўсіх 6 ліпеня ў Вязынку на свята паэзіі і песні.
Непасрэдна ж на дзень нараджэння паэта 7 ліпеня запланавана толькі адно мерапрыемства, ды і тое вельмі сціплае – ускладанне кветак да помніку Купалу ў Мінску, - кажа дырэктар музею Купалы.
- Свята не будзе, бо ў нас тут увесь парк перакапаны. Ідуць рамонтныя работы і туды не падысці. Проста ўскладзем кветкі, скажам пару слоў. Такога агульнагарадскога свята не будзе.
Ля музея паэта ў Ляўках сёлета таксама наўрад ці будзе шматлюдна. Летась тут праводзілі свае акцыі як праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі, так і апальны Саюз беларускіх пісьменнікаў. Кіраўнік віцебскага аддзялення СБП Франц Сіўко кажа, што сёлета аніякіх акцый у Ляўках яны не плануюць:
- Летась мы рабілі конкурс, прысвечаны юбілею Янкі Купалы, і па яго выніках ладзілі выезд у Ляўкі. Але ж кожны год такое не будзеш рабіць. Афіцыйны саюз там рабіў весялуху на рускай мове. Можа, і сёлета яны там збяруцца, але мне гэта зусім нецікава.
Намеснік старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў Эдуард Акулін апошні раз браў удзел у афіцыйных ушанаваннях памяці Купалы шэсць год таму. З таго часу кіраўніцтва саюзу і яго сябры да ўдзелу ў такіх акцыях не запрашалі.
- Гэта трэба рабіць на дзяржаўным узроўні. Як святкуюць дзень народзінаў Тараса Шаўчэнкі ва Украіне, у якім прымае ўдзел Саюз украінскіх пісьменнікаў. А ў нашай краіне адбываецца ўсё пакрыёма. Калі няма загаду зверху, то работнікі музею і яго філіялаў баяцца самі нешта рабіць, акрамя таго, як ускласці кветкі да помніка. Нават баяцца запрасіць паэтаў, якія маюць дачыненне да сучаснага літаратурнага працэсу.
Сяргей БУДКІН






