На справаздачнай прэс-канферэнцыі міністр культуры Уладзімір Матвейчук выглядаў стомленым і не хаваў гэтага. Зараз на плячах чыноўніка вялікая адказнасць па некалькіх франтах – годна арганізаваць свята 3 ліпеня і “Славянскі базар” ды яшчэ трымаць адказ за рэканструкцыю будынкаў беларускай оперы, “Беларусьфільму”, Нясвіжскага і Мірскага замку. Адна гара з плячэй міністра – рэспубліканскі выпускны баль з удзелам Лукашэнкі прайшоў без здарэнняў.
-Мы заўпэўніліся, якая ў нас выдатная моладзь, выдатныя маладыя спецыялісты. Як заўжды арганізавана, як заўжды падвышаны інтарэс да нашага прэзідэнта і як заўжды яшчэ раз заўпэўніваемся прыгожая маладая таленавітая моладзь.
Міністр культуры культурай мовы сапраўды не цешыў. Як і астатнія прысутныя прадстаўнікі міністэрства ён размаўляў па-руску, нават калі пытанне задавалася яму па-беларуску. Уладзімір Мацвейчук адкрыта наракаў, што журналісты дзяржаўных СМІ зусім мала пішуць пра культуру, а калі і пішуць, то робяць шкоду. У прыватнасці міністр згадаў адзін з артыкулаў, дзе вялося пра тое, што Ала Пугачова не прыедзе на “Славянскі базар”.
-Пугачова на знак з салідарнасці з Кіркоравым адмаўляецца ехаць на “Славянскі базар”. І наогул яна такая састарэлая, што пяць прыступак пройдзе, спыняецца і адпачывае. Што за лухта? Адкрытым тэкстам кажу! Як умудрыліся такое напісаць?
Дасталося і вольнадумным выпускнікам Акадэміі мастацтва. Міністр культуры адрапартаваў пра тое, што сёлета былі размеркаваныя літаральна ўсе маладыя мастакі і дызайнеры, нават тыя, хто таго не хацеў.
-Яны там спасылаліся на Францыю, што там такія ўмовы, што пасля сканчэння навучальнай установы кожны становіцца вольным мастаком. А мы нагадваем – Францыя харашо, Італія – яшчэ лепей, а жывем мы ўсе ў Рэспубліцы Беларусь. І ў нас прадугледжана: адвучыўся, аддай пазыкі.
Прадстаўнікі міністэрства культуры надалі вялікую ўвагу палажэнню, якое тычыцца гастрольна-канцэртнай дзейнасці. Так, начальнік юрыдычнага аддзелу міністэрства культуры Алена Вештарт падкрэсліла, што цяпер нельга праводзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы без атрымання гастрольнага пасведчання. Нават калі тое мерапрыемства закрытае і некамерцыйнае ды праводзіцца юрыдычнай асобай. Такім чынам арганізатары канцэртаў беларускіх і замежных зорак прыраўніваюцца да арганізатараў карпаратыўных вечароў, выпускных і нават вяселляў.
-Калі гэта вяселле і на яго запрасілі выканаўцу альбо творчы калектыў і падчас вяселля праходзіць канцэрт, значыць гэта культурна-відовішчнае мерапрыемства і каб яго правесці трэба атрымаць гастрольнае пасведчанне.
Пры гэтым пры ўпраўленні культуры будзе дзейнічаць пастаянная камісія, што паклікана правяраць ідэйна-мастацкі ўзровень удзельнікаў культурных мерапрыемстваў. І калі тая камісія вырашыць, што пэўны музычны нумар ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку краіны – дазвол на мерапрыемства могуць не даць. Тлумачыць начальнік упраўлення мастацтваў Мінкульту Міхаіл Казловіч.
-Такая камісія мусіць даць заключэнне аб адпаведнасці зместа мерапрыемства асноўным задачам рэгулявання гастрольнай дзейнасці. Першая сярод такіх задачаў – недапушчэнне правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў, што прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпекі, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва.
Каб атрымаць гастрольнае пасведчанне трэба заплаціць у дзяржаўным бюджэт 3 базавыя адзінкі (гэта калі на вашым мерапрыемстве ад аднаго да 150 чалавек) ці 200 базавых адзінак, калі гледачоў болей за 300. Цікава, што арганізатар хоць якой вечарыны мае запрасіць на сваё мерапрыемства прадстаўніка міністэрства культуры. А за правядзенне культурнага мерапрыемства без узгаднення з чыноўнікамі прадугледжваецца штраф, які будзе сягаць ад 20 да 500 базавых адзінак. Прычым чыноўнікі адкрыта заявілі на сустрэчы з журналістамі – падобная норма ўведзена не дзяля таго, каб зарабіць капейчыну, а каб узяць пад дзяржаўны кантроль усе магчымыя культурныя мерапрыемствы.
Сяргей БУДКІН




