Ля помніка Янку Купалу на дзень народзінаў паэта было толькі некалькі пажоўклых кветак. Пасля наведвання афіцыйнай дэлегацыі іх не надта паболела. Кіраўнік праўладнага саюзу пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец да помніку паэту прыйшоў з пустымі рукамі ды яшчэ і прыпазніўся. Пасля некалькіх дзяжурных фразаў чыноўнік паведаміў прысутным пра праект, што распачала СПБ.
- Мы начали проект – издание целой серии произведений писателей, что пишут и на белорусском и на русском языках, издавая их в одной обложке, очень красиво оформленной. Вышла уже 10-ая книга. Этот проект открыл Янка Купала.
Шмат хто з прысутных абурыўся таму, што Чаргінец прамаўляў ля помніку Купалу па-руску. Літаратуразнаўца Ўладзімір Содаль прыйшоў сюды без запрашэння, проста каб засведчыць сваё шанаванне. Прамова старшыні саюзу пісьменнікаў Беларусі яго непрыемна ўзрушыла.
- Усе шапталіся, калі ён прамаўляў: няўжо прыйшоў да Купалы і слоўка не можа прамовіць. Напэўна можа, але ж ігнаруе. Нехта шапнуў: калі бы Купала зараз змог, то ў гэтую руку, што да сэрца прыціснуў узяў бы каменьчык ды шпурнуў бы ў гэтых незычліўцаў, што папрыходзілі да яго.
Тым часам літаратары працягвалі прамаўляць ля помніка высокія словы. Дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Уладзіслаў Мачульскі засмучаўся, што сярод тых, хто прыйшоў да помніку вельмі мала моладзі. Выказваў сваё шкадаванне чыноўнік ізноў жа – па-руску.
- Даже тут среди собравшихся люди уже сталые. Молодежи совсем немного. А мы бы хотели, чтобы, как только ребёнок начинал читать, он пропитывался духом Купалы…
Вольга Платонава – адна з тых, хто прыйшоў да помніка паэту не па разнарадцы. Яна пэўная, кожны хто адчувае сябе беларусам мусіць не забывацца на такіх асобаў, як Купала.
- Гэты дзень святы для нас. Я прыйшла сюды, каб аддаць павагу вялікаму чалавеку, які змагаўся за нашу Беларусь, самастойнасць, незалежнасць. І мы яго павінны памятаць.
Ва ўрачыстасцях узяў удзел амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы. Ён выказаў спадзяванне, што беларусы будуць заўжды шанаваць Янку Купалу, гэтак ж сама, як украінцы - Тараса Шаўчэнку.
- Гэта сапраўды геніяльны паэт сусветнага ўзроўню, гэта сапраўды бацька навейшай беларускай нацыі.
Галоўны рэдактар часопісу “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі нядаўна напісаў кнігу пра Купалу для дзяцей “Янкаў вянок”. Ён адзіны з афіцыйнай дэлегацыі, хто папрасіў сімвалічнага прабачэння перад помнікам паэту.
- Даруйце нам усім, што не ў кожнай хаце беларусаў ёсць Вашы кніжкі. Даруйце нам усім, Іван Дамінікавіч, што не кожны беларус упусціў у сваё сэрца Вашу незвычайную творчасць. Я думаю нам павінна быць трошкі сорамна ўсім: як жа мы можам называць сябе купалаўцамі, калі мы гэтага ўсяго не робім.
За сціплымі афіцыйнымі ўрачыстасцямі ў скверы Янкі Купалы крыху збоку назірала выкладчыца беларускай мовы Валянціна Мароз. Пяты год яе высілкамі тутсама на дзень народзінаў паэта ладзяцца “Купалаўскія чытанні”. Сёлета яны праходзілі 6 ліпеня. Аматары творчасці паэта сабраліся разам, каб пачытаць улюбёныя вершы ды паспяваць беларускія песні. І ў адрозненні ад удзельнікаў афіцыйнай урачыстасці не засцерагаліся словаў паэта, што сталіся крылатымі.
- На “Купалавых чытаннях” мы заўжды маем расцяжкі, дзе на белым палатне чырвонымі літарамі напісана “Жыве Беларусь!” з подпісам, што гэтыя словы належаць Янку Купалу.
Сяргей Будкін, Радыё Рацыя, Мінск




