09-07, 14:55

"Амбасовішча" пад Мінскам пройдзе 11-га ліпеня

11 ліпеня ў Раўбічах пад Мінскам ўжо ў чацверты раз адбудзецца фэстываль “Амбасовішча”. Штогод на сцэну, што месціцца на тэрыторыі  рэзідэнцыі амбасадара ЗША выходзяць зоркі беларускай музыкі і маладыя гурты.

На гэтае свята беларускай музыкі і свабоды збіраюцца ля трох сотняў чалавек, сярод якіх прафесіяналы беларускай музычнай індустрыі, журналісты, прадстаўнікі грамадскай супольнасці і дыпламаты.

Падрабязнасці пра сёлетняе “Амбасовішча” Рацыі паведаміла  аташэ па пытаннях інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША Кэралайн Сэвідж :

-Гаспадаром сёлетняга фестывалю выступіць часовы павераны Джонатан Мур. “Амбасовішча-2008” будзе складацца з дзвюх частак. У першай выступяць маладыя гурты, што прадставяць кожны з рэгіёнаў Беларусі. Пераможцаў гэтага конкурсу вызначаць госці фестывалю. А ў другой зайграюць добравядомыя беларускія гурты. Мы ўпершыню запрасілі на гэтай мерапрыемства і музыкаў з ЗША – гэта будзе “Трыо Фокс”.

На “Амбасовішчы” выступяць больш за дзесятак гуртоў. З Полацку прыедзе гурт “Індра”, з Магілёву – “Заточка”, зь Бярозы “Кальмары”, Горадню прадставіць “Тлуста луста”, Гомель – гурт “Глінтвэйн”, а хэдлайнерамі фэсту будуць Крама, Крамбамбуля, Гарадзкія, MAUZER і Палац. Жывая трансляцыя “Амбасовішча” на Радыё Рацыя пачнаецца ў пятніцу, 11 ліпеня ў 16 гадзін.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя, Мінск

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя