21-07, 10:25

У вёсцы Бычкі адкрыўся XVII Драздовіцкі мастацкі пленэр, прысвечаны Васілю Быкаву

20 ліпеня ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці адкрыўся XVII Драздовіцкі мастацкі пленэр, прысвечаны народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву.

Арганізатарамі творчай акцыі выступілі Германовіцкі культурна-асветны цэнтр імя Язэпа Драздовіча (вёска Германовічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці) і суполка "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў.

Як паведаміла старшыня цэнтра Ада Райчонак, да ўдзелу ў пленэры запрошаны 20 чалавек. У іх ліку — мастакі Аляксей і Ігар Марачкіны, Алег і Ігар Скавародка, Георгій Скрыпнічэнка, Віктар Крук, Чэслаў Шамшур, Сяргей Прывада, Святлана Баранкоўская, Георгій Ліхтаровіч, Кацярына Мяснікова, Мікола Аўчыннікаў, Ягор Мяжуеў, Уладзімір Вальноў, Алесь Шыёнак і Алесь Шатэрнік, а таксама навучэнцы каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка.

У рамках творчай акцыі пройдуць сустрэчы з сястрой пісьменніка Валянцінай Быкавай, народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным, бардам Георгіем Станкевічам, а таксама выстава твораў, напісаных падчас пленэра, які будзе доўжыцца да 30 ліпеня. Па традыцыі частка работ, створаных падчас знаходжання ў Бычках, мастакі дораць музею-сядзібе Васіля Быкава, які з'яўляецца філіялам Ушацкага музея народнай славы імя Уладзіміра Лабанка, паведамляе БелаПАН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя