Адзін з лаўрэатаў сёлетняга “Басовішча” магілёўскі гурт “Глюкі” спыніў сваё існаванне.
23 ліпеня музыкі сабраліся разам і вырашылі, што далей граць разам яны не могуць. За час сваёй дзейнасці “Глюкі” сталі адным з лепшых гуртоў Магілёва, пра іх ведалі не толькі ў родным горадзе, але і ў іншых месцах Беларусі. Што сталася прычынай распаду папулярнага калектыва?
Пра тое, што ў “Глюкаў” не ўсё ў парадку паміж музыкамі стала зразумела ўжо на “Басовішчы”. У конкурснай частцы каманда адыграла не зусім роўна, адчувалася нервовая атмасфера ўсярэдзіне калектыва. Пасля атрымання прыза за трэцяе месца на “Басовішчы 2008” вакаліст “Глюкаў” Лёпа Паронкін быў у жывым эфіры “Рацыі”. Тады чуткі пра магчымы распад гурта ён абверг.
РР: Чаму па-за родным Магілёвам у вас складаюцца такія цяжкія адносіны з гукам?
ЛП: Усё неяк складана… У нас адносіны ў гурце не вельмі складаюцца.
РР: Вы хоць распадацца не збіраецеся?
ЛП: Не, не. Пакуль не збіраемся.
Не прайшло і тыдня пасля той размовы, як стала вядома, што “Глюкі” усё ж распаліся. Адразу па вяртанні з фестываля з гурта сыйшоў бубнач, учора – вакаліст і клавішніца. Дырэктар “Глюкаў” Віталь Шум кажа, што прычына распада – у супярэчнасцях асабістага характару.
- Гурт мусіў разваліцца яшчэ два гады таму. Узніклі канфлікты асабістага плана. Але тады атрымалася іх стрымаць, азадачыць гурт перспектывамі. Столькі матэрыялу напрацавана, у іх песень яшчэ на альбомы тры-чатыры. Шкада, што гэта ніхто ніколі не пачуе.
Цягам двух год пры наяўнасці ўнутраных супярэчнасцяў гурт “Глюкі” даволі плённа існаваў. У 2006 годзе быў выдадзены канцэртны альбом “Хэдлайн-фэст”, цалкам да выдання падрыхтаваны новы студыйны рэліз “Ідыятызм”. Аднак, з прыездам на “Басовішча” музыкі ўзгадалі старыя крыўды, кажа Віталь Шум:
- Старыя супярэчнасці не зажылі, яны наадварот яны неяк распаўзліся. Учора мы сабраліся разам, была спроба знайсці нейкі кампраміс, каб хаця б некалькі месяцаў да выхада альбома пацярпець. Але не атрымалася.
Асноўныя непаразуменні ў “Глюках” былі паміж вакалістам Лёпам Паронкіным і басістам Ромам Жыгараў. У размове з намі Рома сказаў, што шкадуе аб распадзе гурта, а разыходжанні, якія да гэтага прыцягнулі, называе невырашальнымі
- Для мяне не было праблем. Прынамсі, я не блытаў кіслае з гарачым. У кагосці праблемы былі. “Басовішча” – гэта вялікі фестываль, ён паказаў, хто на што здольны. Я гатовы адказаць за ўсе свае ноты, а ў кагосці нешта не атрымліваецца.
Адзін з даўніх сябраў гурта “Глюкі” музыкант Аляксандр Памідораў пра развал каманды дазнаўся ад нас. У такую навіну Памідораў паверыць адмовіўся. Ён упэўнены, што перад выхадам новага альбому магілёўцы проста не маглі разыйсціся.
- Я лічу, што гэта проста нейкая фігня, бо гурт ужо скончыў запіс свайго новага альбому. Таму казаць пра прыныненне дзейнасці – гэта, па-мойму, проста глупства.
Аляксандр Памідораў дадае, што “Глюкі” – гэта не адзіная каманда, якія спыніла сваё існаванне адразу пасля “Басовішча”. Калісьці такі лёс напаткаў гурты Exist, Impatt, Taxi. На думку Памідорава, да распадаў прыводзяць шок і эмоцыі, якія музыканты адчуваюць на вялікім фэстывалі.
А вось адзін з сябраў журы сёлетняга “Басовішча” лідэр гурта WZ-Orkiestra Зміцер Вайцюшкевіч спадзяецца, што дэструктыўныя тэндэнцыі ў “Глюках” пацягнуць за сабой нараджэнне новых зорак.
- Мне спадабалася іхняя сучаснасць і незапыленасць стандардамі “Басовішча”. Таму я іх адзначыў. А тое, што яны разваліліся… Я лічу, што гэта можа быць нармальна. Я ў сваім жыцці праходзіў і развалы, і схаджэнні. Хай разваліваюцца! Галоўнае, каб пасля гэтага развалу з’явілася две-тры класныя магілёўскія каманды.
Музыкі “Глюкаў” кажуць, што пакуль не вырашылі, ці будуць надалей працягваць дзейнасць пад старой ці новай назвай. Алеж можна быць упэўненым, што іх новы альбом ужо зусім хутка пабачыць свет на лэйбле BMA Group.
Аляксей Мінчонак, Радыё Рацыя, Мінск






