*20.10. Большасць дэманстрантаў разышліся ад Акадэміі навук. Але там застаецца яшчэ каля 300 чалавек. Некалькі соцень маладзёнаў рушылі ў цэнтр, але праз нейкі час пад ціскам міліцыі яны разышліся.
*19.35. У выніку разгону амапаўцамі акцыі на Дзень Волі ў Мінску збітыя і затрыманыя больш за 50 чалавек. Іх дастаўляюць у Савецкі, Маскоўскі і Партызанскі РАУСы.
*19.25. Міліцыя гоніць людзей з Акадэміі навук. Мітынг каля Акадэміі навук скончаны. Акцыя працягваецца стыхійна. Людзі, якія бралі ў ім удзел, сталі ўздоўж праспекта Незалежнасці - трымаюць расцяжкі з патрабаваннямі вызвалення палітвязняў і спяваюць. Міліцыя абвяшчае праз гукаўзмацняльную апаратуру, што мітынг тут недазволены.
*18.55. Прарыў. Некалькі соцень дэманстрантаў здолелі прарвацца да плошчы Перамогі. Амапаўцы спрабуюць узяць іх у кола каля доміку першага з'езду РСДРП.
*18.45. Разбітыя галовы. Каля скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцай Казлова затрыманыя маладзёвыя актывісты Зміцер Дашкевіч і Крысціна Шацікава. Актывісту “Маладога фронту” Артуру Фінкевічу падчас жорсткага затрымання разбілі галаву.
*18.40. Плошчы Бангалор - не! На пляцоўцы перад Акадэміяй навук знаходзяцца каля тысячы чалавек. На імправізаваным мітынгу выступаюць Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык. Грамада на плошчу Бангалор ісці адмаўляецца.
*18.30. Пачаўся хапун. Людзей паміж плошчамі Коласа і Перамогі працягваюць трымаць у ачапленіі і затрымліваюць, збіваючы і садзячы ў падагнаныя аўтазакі.
*18.23. Снежкамі, агонь! Тыя, хто сабраўся каля плошчы Якуба Коласа з боку Акадэміі навук, адціснутыя міліцыяй да яе. Дэманстранты закідвалі яе снежкамі. Але ў выніку пайшлі да Акадэміі навук. У гэтай групоўцы - паўтысячы чалавек. З палітыкаў у ёй - Павел Севярынец і Мікола Статкевіч.

*18.20. Адбываюцца сутычкі дэманстрантаў і міліцыі. Тыя людзі, што рушылі да плошчы Перамогі, зноў выціснутыя ў двары. Праваахоўнікі рассякаюць іх на дробныя груповачкі.
*18.15. Дэманстранты падзеленыя на групоўкі. Каля сотні дэманстрантаў, што стаяць каля фаст-фуду “Лідо”, намагаюцца прайсці на плошчу Якуба Коласа. Разам з тым ёсць ідэя кіравацца ў бок Акадэміі навук. Амапаўцы выціснулі людзей, якія сабраліся каля плошчы Якуба Коласа з боку праспекта Машэрава, у двары. Гэтая групоўка – каля 200 чалавек – здолела-такі прарвацца і рушыць цяпер да плошчы Перамогі. Удзельнікі акцыі трымаюць у руках нацыянальныя бал-чырвона-белыя сцягі, а таксама сцягі Еўрасаюза. У гэтай групоўцы знаходзіцца Аляксандр Мілінкевіч.
*18.00. Пасылаюць на Бангалор. Міліцянеры прапануюць людзям праехаць на дазволенае месца правядзення акцыі - Акадэмію навук. Людзей на плошчу Якуба Коласа не пускаюць.



*17.50. На Якуба Коласа праход закрыты. Пра гэта міліцыя паведамляе людзям у мегафоны і нікога не падпускае нават блізка. Народ стаіць на тратуарах.
*17.30. Да плошчы Якуба Коласа не даехаць. Цягнікі на аднайменнай станцыі метро не спыняюцца, наземны транспарт - таксама. Людзі спрабуюць прайсці да месца пачатку акцыі пехам.

*17.00. Улады падрыхтавалі для ўдзельнікаў Дня Волі больш дзесятка аўтазакаў. За гадзіну да правядзення акцыі плошча Якуба Коласа ўжо ачэпленая міліцыяй. У прылеглых дварах знаходзіцца вялікая колькасць амапаўскіх аўтобусаў, а таксама больш за дзесятак аўтазакаў. Некаторых мінакоў, якія жывуць паблізу ад месца правядзення акцыі, міліцянеры просяць прад’явіць дакументы. Удзельнкіаў акцыі на плошчы пакуль няма.






