16.55 “Чарнобыльскі шлях-2008” завершаны.

Удзельнікі, запаліўшы свечкі і пакінуўшы кветкі ля капліцы, разыходзяцца.

Перад гэтым адбыўся невялічкі жалобны мітынг з хвілінай маўчання. Віктар Карняенка падзякаваў усім, хто прыйшоў, хто не паддаўся на правакацыі і падтрымліваў парадак падчас шэсця. Выступіў ліквідатар аварыі на ЧАЭС Уладзімір Феакцістаў. Ён нагадаў пра льготы, якіх зараз пазбаўленыя чарнобыльцы. “Гэта не дзяржава для народа, а дзяржава для чынавенства”, - падкрэсліў Феакцістаў. З ініцыятывы Севярынца людзі супольна памаліліся. Абыйшлося без правакацыяў.

Да капліцы ў гонар іконы Божай Маці “Спатоленне загінулых” дайшла дзесьці траціна ад удзельнікаў мітынгу ля Акадэміі навук – 500-700 чалавек. З палітыкаў – Павал Севярынец, Віктар Карняенка, Ігар Рынкевіч, Лявон Баршчэўскі. Анархісты пакінулі калону на падыходах да Бангалору.

16.23 Віктар Карняенка заклікаў запаліць свечкі крыху ўбаку ад храма-помніка ў гонар іконы Божай Маці “Спатоленне загінулых”. У храме і ля яго шмат вернікаў, а таксама здымачная група БТ. Карняенка патлумачыў сваю просьбу жаданнем не перашкаджаць вернікам і пазбегнуць магчымых правакацыяў.

16.15. Галава калоны падыходзіць да храма-помніка ў гонар іконы Божай Маці “Спатоленне загінулых” на скрыжаванні вуліц Карастаянавай і Арлоўскай. Калону вядзе Павал Севярынец.
На падыходзе да плошчы Бангалор невялікая частка моладзі згарнула сцягі і пакінула калону.

15.52 З'явіліся два аўтазакі і тры амапаўскія аўтобусы.
15.48 Без чаканых правакацыяў не абыходзіцца. Каля ўніверсаму “Рыга” да галавы калоны падбег невядомы хлопец і сказаў тым, хто нёс расцяжку “Чарнобыльскі шлях”: “Згортваем!”. Як ні дзіўна, але тыя пачалі насамрэч яе згортваць. У справу ўмяшаўся Віктар Карняенка, адагнаў невядомага і зараз моцна трымаецца за сярэдзіну расцяжкі. Каля калоны ўвесь час з’яўляюцца нейкія п’янаватыя асобы, праўда, паводзяць сябе даволі ціха.
15.40 Аляксандр Мілінкевіч стрымаў слова – на Бангалор не пайшоў. Таксама адмовіўся ісці туды і Мікалай Статкевіч. У калоне, што зараз рухаецца паўз універсама “Рыга”, ідуць Лявон Баршчэўскі, Віктар Карняенка, Ігар Рынкевіч, Павал Севярынец.
Усё праходзіць спакойна.
15.18 Калона дайшла да скрыжавання вуліц Сурганава і Якуба Коласа. За парадкам сочыць адмысловая дружына, створаная аркамітэтам “Чарнобыльскага шляху”. Міліцыя паводзіць сябе карэктна.

14.58 Каля дзвюх тысяч чалавек рухаюцца па вуліцы Сурганава. Інцыдэнтаў няма. Найбольшая ўвага – анархістам. Група з 50 чалавек добра падрыхтавалася да акцыі: б’юць у барабаны, скандуюць свае лозунгі “Выше крыши - чёрный флаг, государство – главный враг!”, “Наше решение – сопротивление!”.
14.47 Пачалося жалобнае шэсце.

14.40 Аляксандр Мілінкевіч абвесціў збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі.
Паводле лідэра руху “За Свабоду”, грамадская супольнасць не можа мірыцца з тым, што ў дыктатарскай краіне ў таямніцы ад народу будзе будавацца атамная электрастанцыя.
- Галоўная мэта акцыі – высветліць стаўленне народу да планаў будаўніцтва АЭС.
У сваім выступе Мілінкевіч зазначыў, што апошнім часам улады хаваюць праўду пра наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, замест гэтага дзяржава праводзіць нібыта рэабілітацыю забруджаных зямель, накіроўвае туды маладых спецыялістаў і г.д.
14.30 Ігар Рынкевіч распавёў мітынгоўцам пра маршрут шэсця. Ён заклікаў прытрымлівацца парадку, бо “правакацыя, якія могуць стварацца, будуць толькі на руку ўладам”.


14.25 Ля Акадэміі навук – каля 2.000 чалавек. Ідзе мітынг. Яго мусіў пачаць чарнобылец з Жодзіна Аляксандр Ваўчанін. Віктар Карняенка паведаміў, што ён затрыманы па дарозе на Мінск. Выступілі Карняенка, Людміла Гразнова і акадэмік Іван Нікітчанка.

14.00З'явілася купка анархістаў з закрытымі тварамі і расцяжкай "Мы супраць ядзернага рэактара!". Яны скандуюць: "Наше решение - сопротивление!"
13.55 За хвіліны да пачатку "Чарнобыльскага шляху" на пляцоўцы ля Акадэміі навук - крыху больш 100 чалавек. З заяўнікаў пакуль нікога не бачна. Няма і гукаўзмацняльнай апаратуры.
Палітык Павал Севярынец паведаміў Рацыі, што праблем на падыходах да пляцоўкі, наколькі яму вядома, пакуль ні ў кога не было. ДАІ працуе ў надзвычайным рэжыме. Пачынаюць з'яўляцца сцягі руху "За Свабоду".
Паводле непацверджанай пакуль інфармацыі, затрыманы актывіст апазіцыі Юрась Карэтнікаў.


Палітык Ігар Рынкевіч паведаміў Рацыі, што ля Акадэміі навук плануюцца "пару выступаў" дзеячоў апазіцыі. Ён падкрэсліў, што папярэдзіў пра гэта міліцыю.

Мерапрыемства дазволена гарадскімі ўладамі, але заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху” пісьмова папярэдзілі аб магчымай крымінальнай адказнасці, калі дэманстранты пойдуць па незапланаваным маршруце: будынак прэзідыума Акадэміі навук - вуліца Сурганава - храма-помнік ў гонар іконы Божай Маці “Спатоленне загінулых” на скрыжаванні вуліц Карастаянавай і Арлоўскай.
Акрамя таго, днямі спецслужбы таксама сканфіскавалі ўсе ўлёткі да акцыі.
Рэпартаж з “Чарнобыльскага шляху-2008” – у эфіры і на сайце Радыё Рацыя.






