Сённяшні зварот Аляксандра Лукашэнкі да народа і парламента цягнуўся дзве гадзіны і амаль дзевятнаццаць хвілін. Пачаў ён сёння са здароў’я. Шмат вялося пра тое, што ў Беларусі фізкультурай займаецца болей людзей, чым у краінах-суседках, што будаўніцтва спартыўных аб’ектаў – гэта карысць для просты людзей. Усе меры дзяржавы па аздараўленні нацыі, паводле Лукашэнкі, павінны станоўча паўплываць на колькасць насельніцтва ў Беларусі.
- Колькасць насельніцтва ў Беларусі, я пра гэта не адзін раз казаў, у перспектыве павінна ўзрасці як мінімум у тры разы. Для нашай дзяржавы гэта пытанне жыцця і будучыні.
Дзе будуць жыць 30 мільёнаў Беларусаў Лукашэнка не ўдакладніў. Акрамя аздараўлення нацыі ён казаў і пра аздараўленне эканомікі. Высветлілася, што, як заўсёды, нармальнаму развіццю замінаюць чыноўнікі са сваім бюракратычным апаратам. З гэтай нагоды ён персанальна звярнуўся да кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Генадзя Нявыгласа.
- Дзяржаўны апарат заграз у бюракратызме, Генадзь Мікалаевіч Нявыглас. Ён ніяк не можа перабудавацца і працаваць па-новаму.
Добры цар і дрэннае атачэнне – гэта ўжо стандарт рыторыкі Лукашэнкі. Не абышлося без гэтага і сёння. У чыненні перашкодаў бізнесу і інвестарам вінаватыя чыноўнікі.
- Я папярэджваю ўсіх кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а Нявыгласа персанальна. Я не дапушчу, каб нашыя добрыя пачынанні патанулі ў вашых кабінетах.
Хвілін дзесяць Аляксандр Лукашэнка казаў пра скасаванне льгот для насельніцтва. У чарговы раз было заяўлена, што зрабіла дзяржава гэта праз просьбы звычайных людзей для таго, каб перанакіраваць зэканомленыя грошы ў іншыя сферы эканомікі. Некалькі разоў Лукашэнка нагадаў пра тое, што адсутнасць ільгот – гэта сусветная практыка.
- Гэта трэба ператрываць! Чаго б нам гэта не каштавала. Такім шляхам прайшла ўся цывілізацыя.
Тыдзень таму Лукашэнка вярнуў пенсіянерам частку льгот – дазволіў ім у дачны сезон ездзіць у прыгарадным транспарце з 50-працэнтнай зніжкай. Сёння ён сказаў, што гэта не паказчык таго, што “ах, Лукашэнка адступіў”.
- Нікуды мы не адступілі! Цягнікі хадзілі паўпустыя… Ну калі ў гэтым цягніку 10-20 чалавек праедуць, ён што, павольней будзе ехаць ці разваліцца? Не!
Натуральна, у звароце Лукашэнкі да народа і парламента не абышлося і без размовы пра ўплыў іншых дзяржаў на Беларусь. Асобна прэзідэнт выказаўся пра “карту паляка”. “За мяжой не разумеюць, што гэта – нашы палякі”, - упэўнены Лукашэнка.
- Гэта палякі, але гэта нашы палякі. Гэта грамадзяне нашай краіны. І за мяжой, ствараючы гэтыя карты, гэтага не разумеюць. Таму спакойна трэба гэта ўспрымаць.
Ні словам Лукашэнка не згадаў з’яўленне новых палітычных зняволеных у Беларусі. Ён казаў толькі пра тых, каго раней вызвалілі і хто сам не захацеў вызваляцца. Варта зазначыць, што ні разу Лукашэнка не назваў прозвішчаў тых, пра каго казаў. Прычым, сёння ён карэктных выразаў, відавочна, не падбіраў.
- Знайшлі нейкага ўшывага апазіцыянера, які менш за працэнт атрымаў на прэзідэнцкіх выбарах, і зрабілі яго вялікім палітзняволеным!.. Няўжо вы не разумееце, хто гэта, што гэта за чалавек? Святога ж няма! Святога няма ў гэтага чалавека нічога!
Не трэба добра ведаць беларускую палітычную сітуацыю, каб зразумець, што Лукашэнка казаў пра Аляксандра Казуліна. Вызваленне яго і іншых палітвязняў – умова пачатку дыялогу Захада з афіцыйным Мінскам. І гэтую тэму Лукашэнка таксама не абмінуў.
- Вы, калі ласка, не грукайце ў мае ці іншыя дзверы і не патрабуйце вызваліць палітзняволеных. Мы ж вам паказваем, за што чалавек трапіў у неаддаленыя месцы! Вы дэмакраты, вы паказваеце нам прыклад. Хіба ў вашай краіне магчыма, каб прэзідэнт ці чыноўнік прыняў рашэнне і выпусціў людзей з турмы?
Пазней Лукашэнка прызнаўся, што ў Беларусі такое ўсё ж магчыма.
- Там дзе ўсё гэта прыгожа, нават у парушэнне нейкіх нормаў заканадаўства, мы стараемся ісці на гэта.
Напрыканцы свайго сённяшняга звароту Аляксандр Лукашэнка падзякаваў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў за чатыры гады плённай работы. Сёлета ў кастрычніку павінны адбыцца чарговыя выбары ў парламент. Паводле Лукашэнкі, яны павінны прайсці так, “каб ні ў каго не ўзнікла сумневаў у легітымнасці абраных парламентарыяў”. Натуральна, меліся на ўвазе незалежныя назіральнікі.
- Мы выбары павінны правесці так, каб ім сорамна было пісаць тое, што ім хочацца, а не што ёсць на сам рэч. І мы гэта зробім.
Пасля сканчэння выступу Лукашэнкі са зваротам да народа і парламента ён пачаў адказваць на пытанні дэпутатаў. Але ні ў тэлевізійным, ні ў радыйным эфіры адказаў аднаго ўсенародна абранага на пытанні іншых абраных усенародна не прадэманстравалі.






