Больш трох дзесяткаў актывістаў апазіцыі затрымана ля Нацыянальнай бібліятэкі.
Міліцыя адрэагавала на сцягі Еўрапейскага саюзу, якія разгарнула група дэманстрантаў на чале з Мікалаем Статкевічам падчас выступу сяброў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Супрацоўнікі міліцыі і асобы ў цывільным затрымалі Мікалая Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Змітра Хведарука, Максіма Дашука і яшчэ некалькіх актывістаў. Затрыманне праводзілася даволі жорстка: Хведарука, прыкладам, цягнулі ў міліцэйскую машыну па зямлі. Хапалі і тых, хто быў без сцягоў, але знаходзіўся побач. Пасля дагляду заплечнікаў, частку затрыманых адпусцілі. Астатніх павезлі ў Першамайскі РАУС.

Статкевіч змог перад затрыманнем у мегафон павіншаваць прысутных з днём салідарнасці працоўных ад імя ўдзельнікаў Еўрапейскай кааліцыі.

14.50 Усяго ў Першамайскі РАУС патрапіў 31 чалавек. Да затрыманых ля Нацыянальнай бібліятэкі дадаліся актывісты, што чакалі паплечнікаў ужо каля будынку РАУС. Сярод затрыманых - Наста Палажанка, цяжарная Алена Жураўлёва, журналіст тыднёвіка "Белорусы и рынок" Генадзь Барбарыч.

14.55 На Мікалая Статкевіча склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Журналіста Генадзя Барбарыча адпусцілі.

15.10 Адпусцілі непаўналетніх. Каля Першамайскага РАУС знаходзіцца каля 30 чалавек - маладзёвыя актывісты прыйшлі падтрымаць сваіх паплечнікаў.

15.30 Максім Сергіец, адзін з тых, каго ўжо адпусцілі, распавёў Рацыі, што па дарозе ў Першамайскі РАУС міліцыянты маральна і фізічна абражалі затрыманых. Асабліва тых, у каго былі пры сабе сцягі Еўрасаюзу. Паводле актывіста, на частку затрыманых скаладаюцца пратаколы за адміністрацыйнае правапарушэнне - непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

16.10 Спецназаўцы адціснулі паплечнікаў затрыманых (каля 30 чалавек) ад будынку Першамайскага РАУС.

16.50 Больш за палову затрыманых адпусцілі без складання пратаколаў. Статкевіч, Дашкевіч, Фінькевіч і Хведарук пакуль застаюцца ў Першамайскім РАУСе. Мяркуецца, што яны патрапяць на Акрэсціна, бо, як стала вядома, на Хведарука ўжо складзена два пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне міліцыі.
18.10 Усіх затрыманых, акрамя Мікалая Статкевіча, адпусцілі. Судзіць яго будуць заўтра. Калі адбудуцца суды над Змітром Дашкевічам, Артурам Фінькевічам і Змітром Хведаруком, на якіх таксама складзены пратаколы, пакуль невядома. Статкевіч правядзе гэту ноч у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў па вуліцы Акрэсціна.
Рацыі ўдалося паразмаўляць з маладафронтаўскімі лідэрамі адразу пасля іх выхаду з пастарунку.
Зміцер Хведарук:
- Падчас затрымання па-зверску паводзілі сябе супрацоўнікі АМАПу. Ім проста развязваюць рукі - і адбываецца страшэннае беззаконне. Мяне некалькі метраў цягнулі па зямлі ад помніка Скарыне да аўтазаку. Парвалі кашулю, білі па галаве нагамі. Калі закінулі ў аўтазак, дзе амапаўцы гулялі ў карты, пачалі здзеквацца. І ў пастарунку, пакуль няма начальства, паводзілі сябе як дзікуны, абражалі.

Зміцер Дашкевіч:
- Маё затрыманне адбылося вельмі прыстойна: падыйшлі, паказалі пасведчанне супрацоўніка міліцыі, папрасілі прайсці з імі. І ўвесь час паводзілі сябе спакойна, пыталіся толькі: "Мужыкі, скажыце калі ўжо?.. " Далей не працягвалі, але падтэкст зразумелы. Склалі пратакол за ўдзел ў недазволенай Мінгарвыканкамам акцыі, прымеркаванай да Дня Еўропы. І ўзялі падпіску з абавязацельствам з’явіцца па павестцы для разгляду адміністратыўнага пратаколу.

Артур Фінькевіч:
- Ля бібліятэкі ад помніка Скарыне я вырашыў падыйсці бліжэй да сцэны, дзе адбываліся выступы, і паспрабаваў там разам са сваімі сябрамі ўзняць некалькі сцягоў. Але мы нават не толькі не паспелі іх разгарнуць, а не паспелі прайсці нават некалькі метраў, як на нас наляцелі супрацоўнікі АМАПу і груба пачалі выштурхоўваць. Са мной паводзілі сябе тактоўна, паколькі ведаюць і бачылі мяне не першы і, думаю, што не апошні раз.
У мяне прэтэнзіяў да самой формы затрымання няма, але ёсць прэтэнзіі датычныя таго, чаму затрымалі мяне і ўсіх астатніх. Я не лічу, што мы штосьці парушалі, мы проста прыйшлі, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю ў Дзень Еўропы, тым больш мы з’яўляемся сябрамі незалежнага прафсаюза, які мае свайго прадстаўніка ў вышэйшай палаце парламента, гэта Аляксандр Ярашук.
Не ведаю, чаму нас сёння не павезлі на Акрэсціна, але не ўпэўнены, што яны гэтага не зробяць у зручны для сябе час.
- - - - - - - - -
Мікалая Статкевіча 2 траўня асудзілі на 10 сутак арышту.
Наталля ЯКАВЕНКА






