Адзін са стваральнікаў партыі “Народная Грамада” (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя) Мікалай Статкевіч прыгавораны 2 траўня да 10 сутак адміністрацыйнага арышту за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства: палітык з іншымі апазіцыянерамі прыйшоў на афіцыйныя першатравеньскія мерапрыемствы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дзе зладзіў мітынг.
У выніку амаль тры дзесяткі дэмактывістаў былі затрыманыя, але потым, апрача Статкевіча, адпушчаныя.
З гэтай нагоды палітык усцешаны:
- Я вельмі задаволены, што дзеці малыя на свабодзе. Я паклікаў людзей на свята, а атрымалася, што завёў іх у турму. Барацьба за дэмакратыю не павінна ператварацца ў крыжовы паход дзяцей. Палітычныя лідэры павінны быць наперадзе. А калі яны не маюць сіл для гэтага, то павінны сыходзіць убок.
Што да судовага працэсу, то, як паведаміў Мікалай Статкевіч Рацыі, ён заявіў хадайніцтва, каб суддзя звяртаўся да яго на дзяржаўнай беларускай мове:
- У сувязі з тым, што ён ведае толькі адну дзяржаўную мову – рускую, я выказаў недавер суддзі, бо ён такім чынам не выконвае Канстытуцыю, і адмовіўся даваць паказанні. Тым больш што я заявіў суддзі, што не хачу ўдзельнічаць у спектаклі, фінал якога загадзя вядомы.
Прысуд палітык пракаментаваў так:
- Суткі мне далі за несанкцыянаваны мітынг на санкцыянаваным мітынгу.
Наталля ЯКАВЕНКА






