Ва ўчарашнім сюжэце праграмы “Панарама” Першы тэлеканал вярнуўся да нібыта выкрытых у сакавіку шпіёнаў, якія дзейнічалі пад прыкрыццём амерыканскага пасольства. Прагучаў і больш падрабязны каментар КДБ. Раней на гэтую тэму гаварыў шэф Камітэта дзяржбяспекі Юрый Жадобін.
“У Мінску функцыянавала група назірання і выяўлення, у склад якой уваходзілі беларускія грамадзяне – супрацоўнікі службы бяспекі пасольства ЗША”, - заявіў у эфіры БТ начальнік Цэнтра грамадскіх сувязяў і інфармацыі КДБ Беларусі Валерый Надтачаеў.
Па яго словах, курыраваў дзейнасць гэтай групы аташэ па бяспецы амбасады Курт Фінлі, якія, па дадзеных беларускага боку ёсць кадравым супрацоўнікам ФБР.
Надтачаеў заявіў, што беларускім спецслужбам удалося “на ранняй стадыі запабегчы ўцягненню беларускіх грамадзян у незаконную дзейнасць”, якая можа быць кваліфікаваная па крымінальным артыкуле 356 (“Здрада Радзіме”).
Прадстаўнік КДБ, як паведамляе “Інтэрфакс”, таксама распавёў, што была праведзеная праверка дзейнасці групы. Па словах Надтачаева, было ўстаноўлена, што яе ўдзельнікі вялі незаконныя здымкі іншых грамадзян нашай краіны, здымалі на відэа- і фотакамеры іх аўто, вялі назіранне за супрацоўнікамі міліцыі, што працуюць на мітынгах апазіцыі.
Асноўнымі раёнам здымак, па словах Надтачаева, былі: цэнтральная частка Мінска, Нацыянальны аэрапорт “Мінск”, некаторыя населеныя пункты паблізу сталіцы. Ён таксама паведаміў, што сабраная беларускімі спецслужбамі база здымкаў налічвае каля 5 тысяч фота, зробленых удзельнікам выкрытай групы.
“КДБ Беларусі абмежаваўся захадамі папераджальнага характару і вынес афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці вядзення незаконнай дзейнасці ўсім грамадзянам Беларусі, што ўваходзілі ў групу”, - заявіў Надтачаеў.
У сюжэце БТ было сказана пра тое, што ўсе фігуранты скандалу звольніліся з амбасады, а Фінлі пакінуў Беларусь пры канцы сакавіка.
З’яўленне гэтага сюжэта сведчыць пра тое, што Мінск працягвае абвастраць стасункі з Вашынгтонам. Нагадаем, 3 траўня беларускую сталіцу пакінула чарговая група супрацоўнікаў пасольства ЗША. У выніку ў ім засталося чацвёра чалавек на чале з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Джонатанам Мурам. Да сярэдзіны траўня амерыканскі бок можа прыняць рашэнне аб закрыцці пасольства нашай краіны на сваёй тэрыторыі.






