05-05, 19:36

Амерыканцы ўсё болей даведваюцца пра беларускія справы

Канфлікт паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі становіцца ўсё болей непрадказальным у сваім развіцці. Учора беларускае дзяржаўнае тэлебачанне зноў узгадала пра нібыта “шпіёнскую сетку”, якую стварыў у Мінску супрацоўнік амерыканскай амбасады Курт Фінлі. Тым часам Вашынгтон папярэджае беларускія ўлады, што калі пазіцыя Беларусі ў канфлікце не зменіцца, дыпламатычныя адносіны паміж краінамі могуць быць разарваныя. Як ставяцца да ўсяго, што адбываецца беларускія палітолагі, палітыкі ды беларусы ЗША? Пра гэта дазналася Рацыя

Бадай, самым аптымістычным палітыкам у ацэнцы дыпламатычнага канфлікту з’яўляецца лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Сяргей Гайдукевіч. У сваіх інтэрв’ю ён пастаянна кажа, што ў пагаршэнні стасункаў ці поўным іх спыненні не зацікаўленыя ні Беларусь, ні ЗША:

- Беларусь мае свае пытанні да амерыканскіх калегаў, Амерыка мае свае пытанні. Я думаю, тут не трэба нейкіх лішніх целарухаў. Трэба спакойна разбірацца і знаходзіць кампраміс. Я ўпэўнены, што гэты кампраміс знайсці можна.

Прэтэнзіі Злучаных Штатаў да Беларусі палягаюць выключна ў адным пытанні. Часовы павераны ў справах ЗША Джонатан Мур у Мінску на нядаўняй прэс-канферэнцыі падкрэсліваў, што стаўленне яго краіны да Беларусі не залежыць ад колькаці амерыканскіх дыпламатаў, якія працуюць у Мінску:

- Эканамічныя санкцыі не залежаць ад таго, што адбываецца з нашай амбасадай. Пакуль у Беларусі будуць палітычныя зняволеныя - будуць і эканамічныя санкцыі.

Так лічыць галоўны амерыканскі дыпламат у Мінску. А вось Сяргей Гайдукевіч упэўнены, што высоўваць для перамоваў адно пытанне не варта:

- Не трэба выстаўляць адну ўмову, гэта ніколі не да чаго не прыводзіла!

Менавіта ў гэтым і палягае асноўнае супярэчанне ў дыялогу Мінска і Вашынгтона. Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў парламенце, заявіў, што “пытанне з палітычнымі зняволенымі закрытае”. Амерыканскі ж бок настойвае на яго далейшым абмеркаванні. І будзе настойваць надалей, упэўнены палітолаг Аляксандр Класкоўскі:

- Поле для кампрамісу палягае ў прынцыповым пытанні вызвалення палітычных зняволеных.

Куды ж можа завесці Беларусь і ЗША спрэчка па закрытасці ці адкрытасці пытання палітзняволеных? Самы найгоршы варыянт разгортвання падзеяў – спыненне дыпламатычных адносін паміж краінамі. Вашынгтон можа пайсці на гэта ў тым выпадку, калі Беларусь не зменіць сваёй пазіцыі ў дыпламатычным канфлікце.

Учора ў праграме “Панарама” на тэлеканале “Першы” быў паказаны сюжэт, у якім вялося пра развіццё сітуацыі з шпіёнскай сеткай, якую стварыла амбасада ЗША. Вядома, такія прапагандысцкія сюжэты не дапамагаюць наладжваць двухбаковыя стасункі. Аляксандр Класкоўскі ўпэўнены, што Злучаныя Штаты ўсё ж не будуць рэагаваць на ўчарашні “тэлесеанс”:

- Гэта быў фактычна перапеў тых самых прапагандысцкіх рэфрэнаў, якія гучалі раней. Таму не думаю, што Вашынгтон уздымецца на дыбкі і пачне палемізаваць з беларускім бокам.

Казаць пра тое, чым скончыцца канфлікт вельці цяжка. Усё залежыць ад таго, ці змогуць бакі знайсці кампраміс і дамовіцца паміж сабою, упэўнены палітолаг Аляксандр Фядута:

- Канфлікт не завершыцца хутка. Невядома таксама, калі ён завершыцца. Але зразумела, што гэта вельмі неразумны канфлікт з беларускага боку.

На самым пачатку развіцця дыпламатычнага канфікту паміж Беларуссю і ЗША амерыканская газета The Washington Post напісала: “Магчыма, вы ячшэ не ведаеце, дзе знаходзіцца Беларусь. Але хутка даведаецеся”. Вядомы грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША Вітаўт Кіпель заўпэўніў сёння Рацыю:

- Амерыканцы сапраўды пільна сочаць за тым, што адбываецца ў стасунках двух краін. “Амерыканскі сябра” за гэтым сочыць. Грамадскае меркаванне, безумоўна, ведае, што адбываецца ў Беларусі.

Вітаўт Кіпель кажа, што амерыканскі народ цікавіцца не толькі лёсам сваіх дыпламатаў у Беларусі, але і агульным развіццём падзеяў у нашай краіне. Напрыклад, вялікі розгалас выклікалі збіцці журналістаў падчас акцыі ў Дзень Волі. Так што, прадказанне The Washington Post пачынае збывацца. Амерыканцы ўсё болей даведваюцца пра беларускія справы.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя