06-05, 14:19

Казулін не будзе падаваць у суд на Лукашэнку

Экс-кандыдат у прэзідэнты, лідэр БСДП (Грамада) пракаментаваў выказванні Аляксандра Лукашэнкі на свой адрас падчас прэзідэнцкага паслання народу і парламенту 29 красавіка.

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Знайшлі вашывага апазіцыянера, што 1,5% на выбарах атрымаў, і зрабілі яго палітвязнем. Апазіцыя не хоча, каб яго выпускалі. Калі ён заўтра выйдзе на свабоду, апазіцыі той не будзе. Святога ў гэтым чалавеку нічога няма... Пяцёра выкарысталі, а ён не: “Момант яму не наступіў”. Ды каму ты патрэбны, цябе як туалетную паперу выкарыстоўваюць. Каму ты патрэбны?”

Старэйшая дачка Казуліна Вольга збіралася падаць у суд на Лукашэнку. Яна казала, што не выключана, што абаронцы Аляксандра Казуліна правядуць яго медычную экспертызу, каб высветліць, ці ёсць ў яго педыкулёз. А потым можна будзе разглядаць пытанне аб накіраванні ў суд іску супраць прэзідэнта за абразу гонару і годнасці: "Я проста ў шоку. Калі такія словы выкарыстоўваюцца на адрас сумленнага чалавека, прафесара, экс-кандыдата ў прэзідэнты. Гэты судовы працэс можа яшчэ раз засведчыць, які прававы нігілізм існуе ў Беларусі".

Але ейны бацька ў суд на Лукашэнку падаваць не збіраецца. Вольга Казуліна распаўсюдзіла яго адказ на выказванні Лукашэнкі.

“Прэзідэнт не можа апускацца да вульгарнасці”, - сказаў апазіцыйны палітык.

Аляксандр Казулін кажа, што яму шкада Лукашэнку: “Ды і наогул, бязбожніку гаварыць пра Бога – гэта робіць моцнае ўражанне. Лукашэнка сам абазначыў свой страх перад падзеямі, якія насоўваюцца, і сам на ўвесь свет абазначыў праграму дзеянняў для Захаду і Амерыкі”.

Датычна абразаў: “Што крыўдаваць на чарговае веснавое абвастрэнне? Я і дзецям сказаў: нашто падаваць на яго ў суд? Хворым спачуваюць, іх шкадуюць”.

“Я ж не кажу, які ў нас прэзідэнт. Многія і так усё бачаць і разумеюць. На жаль, ён так і не здолеў узняцца і стаць сапраўдным прэзідэнтам. У Беларусі народ выкарыстоўваюць як туалетную паперу, не кажучы ўжо пра Канстытуцыю і законы”, - заявіў Аляксандр Казулін.

Наконт вызвалення: “Вызваленне мне ніхто не прапаноўваў. Спекуляцыі і нізкі гандаль пад выглядам клопату пра маю смяротна хворую жонку агалілі да мяжы сутнасць Лукашэнкі. Я чакаю ясных заяваў і дзеянняў ад Германіі, якая адыграла самую трагічную ролю ў тым, што адбылося. Я не хачу выбудоўваць ніякія паралелі, але ў святле апошніх падзеяў адказнасць Германіі як аднаго з лідэраў Еўрасаюза надзвычай вялікая перад народам Беларусі і перад чалавецтвам. Жорсткі прагматызм ці мараль і чалавецкасць, духоўнасць – вось дзе адказ на гэтае пытанне”.

Выказаўся Казулін і наконт апазіцыі: “Лукашэнка добра знаёмы са справамі апазіцыі. Відавочна, што з маім выхадам ад выгаднай Лукашэнку апазіцыі нічога не застанецца. З’явіцца тое, чаго ён больш за ўсё баіцца, як ён сам прызнаўся ў сваім выступленні”.

Ігнат ЧАКАЦКІ

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя