09-05, 13:48

За рок-канцэрт – пад суд

А.Борыс фота PAP/EPAПраваахоўныя органы абвінавачваюць старшыню непрызнаванага беларускімі ўладамі “Саюзу палякаў на Беларусі” Анжаліку Борыс у арганізацыі і правядзенні 2 траўня ў Гродне несанкцыянаванага мерапрыемства - канцэрта знакамітага польскага гурта Lombard.

Бліжэйшым часам Анжаліку Борыс чакае суд паводле артыкула “Арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства”, які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу вялікіх памераў ці адміністрацыйны арышт.

Нягледзячы на тое, што імпрэза адбывалася на тэрыторыі прыватнай фірмы “Форт”, а арганізацыйную і тэхнічную дапамогу ажыццяўляла Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, менавіта Анжаліка Борыс, паводле меркаванняў міліцыянтаў, з’яўляецца арганізатарам канцэрта Lombard.

На думку самой Анжалікі Борыс, дзеянні беларускіх уладаў ніякім чынам не спрыяюць нармалізацыі адносін не толькі паміж польскай меншасцю і дзяржавай, але і паміж Беларуссю і Польшчай.

- Беларускія ўлады не робяць нічога дзеля таго, каб паспрыяць нармалізацыі адносін паміж польскай меншасцю і дзяржавай, і наступствы канцэрта гурта Lombard могуць служыць яскравым прыкладам таго, як ставяцца ўлады да палякаў на Беларусі.

Консул па культуры Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне Марэк Малюхнік лічыць, што дзеянні гродзенскіх уладаў у дачыненні да польскай меншасці выклікаюць непаразуменне і сведчаць аб негатыўных адносінах як да палякаў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, так і да суседняй краіны, якой з’яўляецца Польшча:

- Мне цяжка патлумачыць, чаму ўлады так негатыўна ставяцца да ўсяго, што звязана з Польшчай і палякамі на Беларусі. Нягледзячы на дэклараваныя заявы аб адсутнасці міжнацыянальнага канфлікта, ён існуе ў розных формах. Вельмі прыкра, што культурныя адносіны паміж краінамі таксама трапілі ў гэты спіс.

Радыё Рацыя

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя