13-05, 16:32

Рацыя – хутка ў Гродне!

Трое беларускіх палітыкаў даслалі ліст на імя кіраўніка польскага МЗС Радаслава Сікорскага. Падпісанты просяць польскі бок паўплываць на пазітыўнае рашэнне датычна “сапраўднага вяшчання на Беларусь з тэрыторыі Польшчы”. Тым часам РР заўпэўнівае – бліжэйшымі днямі нас можна будзе пачуць у Гродне і ваколіцах.

Ліст на імя міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага быў напісаны беларускімі палітыкамі яшчэ напрыканцы красавіка. Але інфармацыя пра гэта з’явілася толькі сёння на афіцыйным сайце Маладога фронту. У гэтым паведамленні не было пазначана, якія дакладна палітыкі падпісаліся пад зваротам да польскага міністра. Праз свае крыніцы Рацыі стала вядома, што ліст Сікорскаму даслалі лідэр фронту Зміцер Дашкевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч і намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч.

Зміцер Дашкевіч патлумачыў Рацыі, чаго дакладна падпісанты просяць у Радаслава Сікорскага.

- Асноўная праблема – гэта эфектыўнасць вяшчання, каафіцэнт карыснага дзеяння. Усё гэта вымяраецца ў колькасці слухачоў, якія чуюць дадзеную радыёстанцыю.

Зміцер Дашкевіч мае на ўвазе дзве радыёстанцыі. Гэта РР і “Еўрапейскае радыё для Беларусі”. Што да нашай працы, то прэтэнзіі ў Змітра такія:

- Я ведаю, што антэна, якая ўсталяваная ў Беластоку, накіраваная ў бок Варшавы, і - калі людзі едуць у Варшаву - на працягу некалькіх дзесяткаў кіламетраў яны маюць устойлівы FM-сігнал. Калі едуць у бок Беларусі - сігнал знікае. Нашая задача, накіроўваючы гэты ліст, на першым этапе звярнуць увагу на эфектыўнасць радыёстанцыяў.

Другая прэтэнзія, якую выказвае тройка беларускіх палітыкаў – кіраваць замежнымі радыёстанцыямі для Беларусі мусяць вядомыя беларусы. Вось што сказаў нам з гэтай нагоды Ігар Рынкевіч:

- Хацелася б, каб і галоўны рэдактар, і праграмны дырэктар былі вядомымі ў Беларусі спецыялістамі ў сферы радыёжурналістыкі. Гэтыя людзі не толькі прафесіяналы, але яны маюць досвед таго, што адбываецца ў Беларусі.

Між тым, у кіраўніцтве згаданых у лісце радыёстанцыяў – выключна беларусы. Дырэктарам Рацыі з’яўляецца старшыня “Саюзу беларусаў у Польшчы” Яўген Вапа. Што ж тычыцца прэтэнзіі адносна таго, што антэна Рацыі накіраваная на Варшаву, то адказаць на яе мы папрасілі тэхнічнага дырэктара нашай станцыі Віктара Стахвюка.

- Па-першае, гэта не праўда. Нас чуваць у Кузніцы і за Замбровам – гэта 70 кіламетраў ад Беластоку. На заходнім напрамку нас чуваць з такім самым каэфіцыентам памех, як і на ўсходнім.

Віктар Стахвюк распавёў таксама пра планы пачатку вяшчання Рацыі на Беларусь. Цяпер ідуць апошнія працы па мантажы перадаючай антэны. Антэна будзе даволі магутнай – 27 кілават. Пасля яе запуску ў бліжэйшыя дні Рацыю можна будзе слухаць у Гродне, кажа Віктар Стахвюк.

- Наш аператар нас супакойвае, што мы ўжо вельмі блізкія да сканчэння пабудовы антэны і ўсіх юрыдычных працэдураў. Я думаю, не доўга чакаць да таго моманту, як нас будзе можна слухаць не толькі ў Гродне, але і значна далей.

Такім чынам, жыхары Гродна і ваколіцаў ужо зусім хутка могуць настройваць свае FM-прымачы на хвалю 98.1. Менавіта на гэтай частаце з Беластоку вяшчае Беларускае Радыё Рацыя.

Аляксей МІНЧОНАК

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя