Акруговыя выбарчыя камісіі зарэгістравалі 36 ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты ад адзінага спісу АДС. Гэтыя групы ужо маюць поўнае права пачаць збор подпісаў, неабходных для вылучэння іхняга кандыдата. Такія лічбы былі агучаныя падчас нарады кіраўнікоў АДС, якая адбылася 23 ліпеня ў Мінску.
Траціна кандыдатаў ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ужо атрымалі пасведчанні аб рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп. Цяпер цягам месяца ім патрэбна будзе сабраць не менш за 1 тысячу подпісаў выбаршчыкаў у сваю падтрымку. Яшчэ каля 70 прадстаўнікоў з аздінага спісу АДС чакаюць рэгістрацыі сваіх груп, каб пачаць актыўную выбарчую кампанію. Сітуацыю з рэгістрацыяй ініцыятыўных груп каментуе старшыня Прэзідыума Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл Сяргей Калякін:
- Вылучэнне каманд ідзе па плану. На сённяшні дзень ужо перадалі свае дакументы ў акруговыя камісіі 100 нашых кандыдатаў. Я думаю, што да канца заўтрашняга дня астатнія даздадуць. Проста некаторых людзей не было ў Беларусі. Рэгістрацыя групаў ідзе спакойна, без уселякіх эксцэсаў. Я ўпэўнены, што ўлады прынялі рашэнне не толькі прыняць дакументы ад усіх групаў, але і зарэгістраваць іх.
Згодна з дадзенымі Інфармацыйнага цэнтра АДС, больш за ўсіх зарэгістраваных груп мае Партыя камуністаў Беларуская – 11, у Партыі БНФ іх - 8, у аргкамітэту па стварэнні Беларускай Хрысціанскай дэмакратыі – 6, у АГП – 5, у ліквідаваных Беларускай партыі працы і Беларускай партыі жанчын “Надзея” – адпаведна 4 і 3.
Нагадаем, што рэгістрацыя ініцыятыўных груп будзе працягвацца па 24 ліпеня.
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск






