Падчас узнагароджання прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса ордэнам Дружбы народаў Аляксандр Лукашэнка зрабіў вельмі гучную заяву:
- Я часта кажу, і хачу паўтарыць яшчэ раз: ні адзін дзяржаўны дзеяч, ні адзін прэзідэнт іншай краіны падчас нашай незалежнасці новага часу не зрабіў для Беларусі столькі, колькі гэты чалавек.
Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка паставіў сяброўства з кіраўніком Венесуэлы нават вышэй за тую эканамічную падтрымку, якую Беларусі ужо 14 гадоў аказвае Расія. Дастаткова ўзгадаць паўмільярды долараў ЗША, якія спісаў Лукашэнку Барыс Ельцын за згоду разам ствараць Саюзную дзяржаву. Пасля гэтага беларусы яшчэ 12 гадоў атрымоўвалі ад Расіі вельмі танныя нафту і газ. Паводле кіраўніка навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, агульны памер эканамічная падртымкі за гэты перыяд можа скласці да 50 мільрдаў долараў ЗША. Аднак Чавес, з якім Лукашэнка пазнаёміўся толькі два гады таму ўсё ж аказаўся для яго бліжэй.
Як лічыць Я.Раманчук, дзеля гэтага ёсць некалькі падстаў:
- Перш за ўсё Чавес пусціў беларусаў на свой нафтавы рынак. Гэтага не зрабіла ні Расія, ні Украіна, на Саудаўская Аравія. Гэта ўнікальная рэч. І Лукашэнка настолькі гэтым уражаны, што і выступіў з такой прамовай.
Акрамя таго, як лічыць Раманчук, у адказ на гэтыя словы Лукашэнка вельмі хацеў бы, каб Чавес уключыў Беларусь у дзяржзаказ, і даў магчымасць бесперашкодна прадаваць не толькі зброю, але і прадукцыю прамысловасці – аўтамабілі трактары, ды іншую тэхніку.
За такія абяцанні можна і на Расію забыцца, тым больш, што з 2011 года кошты на нафту і газ для Беларусі дасягнуць сусветнага ўзроўню, дадаў эксперт.
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск






