26-09, 18:31

Пачалі працу два інфармацыйныя цэнтры

Падчас выбараў у Мінску будзе працаваць два інфармацыйныя цэнтры. Адзін будзе месціцца ў Палацы рэспублікі, другі на сядзібе партыі БНФ.

Каб трапіць ў інфацэнтр ЦВК, што месціцца ў Палацы рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы, трэба атрымаць афіцыйную акрэдытацыю, прайсці праз пільны дагляд і металашукальнік. Тут ужо акрэдытавана 268 беларускіх журналістаў і 320 замежных. Сапраўды, усе ўмовы для працы тут створаныя – канферэнц-зала, малая зала для прэс-канферэнцыі, прэс-цэнтр, інтэрнэт-зала, буфет. Праўда, пры пабудове кампутарнай залы не ўлічылі тое, што шмат хто з журналістаў карыстаецца ноўт-букам. На мінулай выбарчай кампаніі такіх было яшчэ няшмат, затое зараз – кожны другі. І разетак на ўсіх хранічна не хапае. 

Адкрыў інфацэнтр намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук.

- Журналісты і міжнародныя назіральнікі будуць атрымліваць аператыўную інфармацыю аб выніках галасавання і яўкі выбаршчыкаў у рэжыме рэальнага часу. Усе неабходныя ўмовы працы журналістаў стораны адносна аператыўнага атрымання інфармацыі аб хадзе галасавання і яе падачы ў СМІ.

Інфацэнтр ЦВК сваю працу пачне а 10 раніцы ў дзень выбараў. Ужо ў 11 чакаецца, што старшыня ЦВК паведаміць журналістам першыя лічбы. Пад вечар слова возмуць назіральнікі, праўда што ў праграме пазначаныя толькі прэс-канферэнцыі назіральнікаў ад парламенцкага сходу саюзу Беларусі і Расіі ды ад місіі СНД. Папярэднія вынікі парламенцкіх выбараў Лідзія Ярмошына агучыць а палове на першую ночы.

Прэс-цэнтр АДС месціцца на ўправе партыі БНФ, дзе толькі адна зала, разлічаная на некалькі дзесяткаў чалавек. Пра інтэрнэт-залу ды буфет тут казаць не выпадае.  Патрапіць сюды можа кожны, аніякай акрэдытацыі тут не прадугледжана. Прэс-цэнтр адкрыецца ўжо ў суботу, а гадзіне дня кіраўнікі палітрады дадуць першую прэс-канферэнцыю , а 28 верасня ён будзе працаваць у тым жа рэжыме, што і інфацэнтр ЦВК. Цікава, што ў нядзелю ў 20.30 кіраўніцтва прэс-цэнтру збіраецца зрабіць выязную прэс-канферэнцыю – проста на плошчы Незалежнасці. Кажа кіраўнік планава-аналітычнай групы пры АДС Вацлаў Арэшка.

- Мы прапануем сустрэцца з такой выязной прэсавай канферэнцыяй на плошчы Незалежнасці. Там будуць прысутнічаць таксама ўсе, хто зможа. АДС настроена на мірны варыянт. Мы не заклікаем там ні да якіх правакацыйных дзеянняў, нічога такога. Мы проста хацелі там сустрэцца з журналістамі, з людзьмі, якая можа прыйдуць выказаць свае думкі на конт выбараў.

Са слоў Вацлава Арэшкі, супрацы між АДС і ЦВК не выйшла.

- Некаторыя кандыдаты наўмысна звярнуліся ў ЦВК: ці маюць яны права прысутнічаць там падчас выбараў, ім адказалі, што не, па прычыне таго, што там няма месца, усім не хопіць. Кандыдат не можа прыйсці ў ЦВК падчас выбараў, папрысутнічаць. Так гэта ім патлумачылі.

Супрацоўнікі прэс-цэнтру АДС не выключаюць магчымасці, што цягам 28 верасня могуць з’явіцца тэхнічныя праблемы – з мабільнай сувяззю, інтэрнэтам ды электрычнасцю, а таму загадзя рыхтуюцца да такіх неспадзяванак. Тым больш, што такое не ўпершыню.

- Мы гэта ўлічваем і будзем спрабаваць неяк пераадольваць такія сітуацыі. Я таксама працаваў на мінулых парламенцкіх выбарах у прэс-цэнтры, і ў нас тады на апошняй прэсавай канферэнцыі проста адключылі святло, але мы змаглі давесці да канца прэс-канферэнцыю нават і ў такой сітуацыі.

З самай раніцы ў панядзелак Лідзія Ярмошына выйдзе да журналістаў, каб агучыць папярэдні спіс пераможцаў кампаніі, а таксама назвы акругаў, дзе будзе праводзіцца другі тур галасавання. Канчатковыя вынікі будуць падведзены цягам наступнага тыдня.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя, Мінск.
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя