Датэрміновыя выбары – гэта пластылінавыя выбары, так акрэсліваюць спосаб забеспячэння ўрнаў для галасавання на ўчастках Баранавічаў, тым не менш, тыя, хто пад прымусам галасуе, аддаюць галасы на няўрадавых кандыдатаў.
- У нас студэнтаў заганялі ісці датэрмінова галасаваць і яны пайшлі, але прагаласавалі на кандыдата ад апазыцыі, насуперак ўладзе, - кажа Віктар Сырыца, незалежны назіральнік ад Таварыства Беларускай Мовы на выбарчай акрузе № 5 у Баранавічах.
У Баранавічах, 170-тысячным горадзе, дзве выбарчыя акругі: № 5 і № 6. У адной і другой па два кандыдаты - ад апазіцыі і ад кіруючых структур. На акрузе №5 апазіцыю прадстаўляе Мікалай Чарнавус, а ягоны супернік ад уладаў – Анатоль Ваньковіч, генерал-маёр Супрацпаветранай абароны.
- Калі не будзе фальсіфікацыі, павінен перамагчы Чарнавус, – дадае Сурыца. - Але гэтае датэрміновае галасаванне дазволіць на парушэнне ці на фальсыфікацыю над урнай.
Урны замыкаюцца нанач. Забеспячаюцца стужкай з пячаткай і пломбай з пластыліна, хаця можна было ўжыць цвёрды сургуч. Тут апазіцыя, кандыдаты, незалежныя назіральнікі бачаць пагрозу фальсіфікацыі. Людзі ўжо пачалі гаварыць пра гэтыя выбары ў Палату Прадстаўнікоў як пра “ пластылінавыя выбары”.
Адмыслова для Радыё Рацыя Юрка Ляшчынскі, Радыё Беласток.






