28-09, 00:17

Сёння выбары дэпутатаў ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі (абноўлена)

У Беларусі сёння асноўны дзень выбараў дэпутатаў ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі.

Беларускія выбарцы могуць прагаласаваць на больш чым 6,5 тысячах выбарчых участкаў, якія адносяцца да 110 выбарчых акругаў. Усяго права на ўдзел у галасаванні маюць больш за 6 мільёнаў грамадзянаў Беларусі.

Па дадзеных Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вылучыліся 365 чалавек. З іх 279 чалавек былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты. 81 патэнцыйным кандыдатам было адмоўлена ў рэгістрацыі (што складае 23 % ад агульнай колькасці тых, хто вылучаўся у кандыдаты ў дэпутаты)

Большасць прадстаўнікоў АДС, вылучаныя рознымі спосабамі, былі зарэгістраваныя.  З 98 чалавек, вылучаных суб’ектамі АДС, зарэгістравана 76 чалавека, што складае 77,5% ад агульнай колькасці вылучаных. Са спісу "Еўрапейскай кааліцыі", якая вылучыла 51 чалавека - 23 зарэгістравана (45%). У цэлым, з 149 чалавек, вылучаных дэмакратычнымі сіламі, зарэгістраваныя 99 чалавек (66,5%).  На выбарах 2004 г. з 227 чалавек, вылучаных "5+", 126 чалавек былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты (каля 55%). (Дадзеныя Праваабарончага цэнтру “Вясна-96”)

Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты налічавецца 58 жанчын (21% ад агульнага ліку зарэгістраваных), 18 грамадзян ва ўзросце да 30 гадоў (6,5%), 38 кандыдатаў з'яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў трэцяга склікання (13,8%).

Ад моманту рэгістрацыі да асноўнага дня выбараў свае кандыдатуры зьнялі 10 прадстаўнікоў АДС.

З 23 па 27 верасьня праводзілася датэрміновае галасаваньне.

Па выніках пяці дзён датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь 4 склікання па усёй краіне прагаласавала 26 % выбаршчыкаў.

Падчас датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў зафіксаваны шматлікія парушэнні. Аб гэтым было заяўлена 27 верасня на прэс-канферэнцыі лідэраў Аб'яднаных дэмакратычных сіл у Мінску.

У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, а таксама першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Паводле слоў А. Лябедзькі, дзве ночы перад датай асноўнага галасавання (у дадзеным выпадку з 26 на 27 і з 27 на 28 верасня) звычайна з'яўляюцца "крытычнымі" для ўчастковых выбарчых камісій — менавіта ў гэты час фальсіфікуюцца вынікі датэрміновага галасавання. "Мы арганізавалі шчыльнае назіранне на 464-м выбарчым участку на вуліцы Няміга. Дык вось: ноччу туды некалькі разоў незразумела навошта выклікаліся нарады міліцыі, аднак па патрабаванні назіральнікаў у памяшканне з выбарчай скрыняй іх не пусцілі. Раніцай хтосьці выклікаў на ўчастак супрацоўнікаў МНС. Цяпер каля ўчастка дзяжураць некалькі брыгад у цывільным", — расказаў палітык.

Паводле слоў В. Вячоркі, кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ у Шклове Рыгор Костусеў падчас датэрміновага галасавання застаў удзін з участкаў абсалютна пустым. "Нікога з членаў камісіі на ім не было, скрыні для галасавання не былі апячатаны, не было нават міліцыянера: заходзь — і рабі што хочаш", — зазначыў В. Вячорка.

Паводле яго слоў, аналагічная сітуацыя была на ўчастку ў Кобрыне, па якім ад Партыі БНФ балатуецца Аляксандр Мех. "Яго давераная асоба, лідэр нашай партыі Лявон Баршчэўскі правёў начны рэйд па выбарчых участках. За руку злавіць на фальсіфікацыях, канешне, нікога не атрымалася, аднак на некалькіх участках не было міліцыі, а скрыні не былі апячатаны", — сказаў В. Вячорка.

Ён таксама паведаміў, што ўжо ў чацвер, 25 верасня, па Усходняй выбарчай акрузе Мінска № 107, дзе ён збіраўся балатавацца (В.Вячорка не быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. — БелаПАН), яўка выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне склала каля 50%. "Гэта не дзіўна, паколькі ў гэтай акрузе размешчаны інтэрнаты Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, а прарэктар БДУІР балатуецца кандыдатам у дэпутаты", — пракаментаваў Вячорка.

Паводле інфармацыі С. Калякіна, выбары ў акрузе, па якой ён балатуецца, ужо практычна адбыліся. "Паводле нашых звестак, за тры дні на 524-м участку Коласаўскай выбарчай акругі № 106, па якой я балатуюся, яўка выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне склала 93,8%, а на ўчастку № 526 за чатыры дні — 92,4%. Прыкладна такая ж сітуацыя на ўсіх участках, дзе большасць выбаршчыкаў складаюць людзі, якія жывуць у студэнцкіх і рабочых інтэрнатах", — сцвярджае С.Калякін.

Ён прывёў факты прымусу да датэрміновага галасавання ў Жлобінскай выбарчай акрузе № 40 і фальсіфікацыі ў 30-й Сенненскай акрузе Віцебскай вобласці, дзе балатуецца прэс-сакратар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Вазняк.

"Ні аб якой дэмакратычнасці выбараў не можа быць і гаворкі", — рэзюмаваў Сяргей Калякін.

Нагадаем, паводле звестак ЦВК, за чатыры дні датэрміновага галасавання выбарчыя ўчасткі наведалі 18,8% выбаршчыкаў, паведамляе БелаПАН.

У Беларусі акрэдытавана 925 міжнародных назіральнікаў. Пра гэта паведаміла кіраўнік Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына 27 верасня падчас сустрэчы са старшынёй камітэта Савета Федэрацыі Расіі па справах СНД Вадзімам Густавым.

Паводле слоў Л. Ярмошынай, 402 назіральнікі прыехалі ў Беларусь па лініі СНД, 465 — па лініі АБСЕ, астатнія — прадстаўляюць цэнтрвыбаркамы сваіх краін або з'яўляюцца дыпламатамі, акрэдытаванымі у Мінску.

В. Густаў выказаў надзею на тое, што выбары адлюструюць, каму аб'ектыўна аддаюць перавагу беларускія выбаршчыкі. Згодна з яго прагнозамі, міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ, хутчэй за ўсё, выявяць "шмат недахопаў", звязаных з асвятленнем выбарчай кампаніі ў СМІ або з парушэннямі на выбарчых участках. Такі вынік, заявіў Густаў, у пэўнай ступені тлумачыцца "некаторай зашоранасцю" назіральнікаў з краін далёкага замежжа.

"Але самае галоўнае — што ў беларусаў ёсць магчымасць свабодна прагаласаваць на выбарах", — падкрэсліў кіраўнік камітэта. Зафіксаваныя парушэнні, на думку Густава, наўрад ці здольныя паўплываць на вынікі выбараў, паведамляе БелаПАН.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" выступіла з заявай, у якой звяртае ўвагу на недахопы ў асвятленні беларускімі СМІ выбарчай кампаніі.

Свае высновы і ацэнкі праваабарончая арганізацыя зрабіла на аснове прамежкавага маніторынгу "Асвятленне парламенцкіх выбараў 2008 года ў беларускіх СМІ", падрыхтаванага Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ). У справаздачы, у прыватнасці, зазначаецца, што перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у дэпутаты і ідэя правядзення палітычных дэбатаў паміж імі ігнараваліся дзяржаўнымі СМІ.

У дакладзе БАЖ таксама зазначалася, што дзяржаўныя СМІ фактычна не зрабілі з кандыдатаў у дэпутаты галоўных герояў выбарчай кампаніі — такімі з'яўляліся Цэнтрвыбаркам і прэзідэнт. Дзяржаўныя СМІ па-ранейшаму больш увагі надавалі тэхнічным і арганізацыйным аспектам перадвыбарнай кампаніі і менш — як самому ходу кампаніі, так і кандыдатам і палітычным партыям, гаварылася ў справаздачы БАЖ.

"Мы шкадуем, што адсутнічаюць пазітыўныя змены ў асвятленні агітацыйнай кампаніі перад выбарамі ў заканадаўчы орган, таму што гэта быў бы цудоўны  шанц для Беларусі нармалізаваць адносіны з міжнароднай супольнасцю", — гаворыцца ў заяве "Рэпарцёраў без межаў", паведамляе БелаПАН.

"У цэлым можна гаварыць аб тым, што выбары адбыліся", — сказала кіраўнік Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына на другой прэс-канферэнцыі, якая прайшла 28 верасня ў Інфармацыйным цэнтры ЦВК.

Паводле яе інфармацыі, у цэлым яўка выбаршчыкаў ужо перавысіла 50%. На 14.00 у Брэсцкай вобласці прагаласавала 47% выбаршчыкаў (выбары адбыліся ў пяці акругах), Віцебскай — 60,7% (13), Гомельскай — 53,2% (11), Гродзенскай — 49,5% (7), Мінскай — 51,1% (9) Магілёўскай — 52,7% (8), у Мінску — 40,7% (адна акруга — № 106), паведамляе БелаПАН.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбыліся ва ўсіх 110 акругах. Пра гэта паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Беларусі Мікалай Лазавік.

Паводле яго слоў, на 18.00 у Беларусі прагаласавала 66,7% выбаршчыкаў. Найбольшая яўка выбаршчыкаў адзначана ў Віцебскай вобласці — 77,4%. У Брэсцкай вобласці прагаласавала 64,2%, Гомельскай — 69,7%, Гродзенскай — 66,8%, Мінскай — 57,7%, Магілёўскай — 69,1%, у Мінску — 55,9%.

Як паведаміў М.Лазавік, у сувязі з высокай яўкай выбаршчыкаў ні ў адной з акруг не спатрэбіцца праводзіць паўторныя выбары. У той жа час, паводле яго слоў, у тых акругах, дзе балатуецца вялікая колькасць кандыдатаў, магчыма правядзенне другога тура, паведамляе БелаПАН.
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя