Старшыня ЦВК пракаментавала той факт, што ў Палату прадстаўнікоў не трапіў аніводны прадстаўнік дэмакратычных сілаў. “У Беларусі выбаршчык часта крытыкуе ўрад. У нас тут няма эйфарыі, прадстаўнікоў улады тут не абагаўляюць і мы не ў шакаладзе. Але слова “апазіцыя” выклікае яшчэ большую насцярогу. Выбаршчык баіцца рэзкіх целарухаў, бо баіцца згубіць тое, што мае”.
Ля пяці мільёнаў трохсот тысячаў чалавек узялі ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў. Са слоў Лідзіі Ярмошынай, адсотак мог быць і большы за 75 працэнтаў, каб шэраг дэмакратычных кандытаў не знялі бы свае кандыдатуры перад выбарамі.
- Зняцце напярэдадні выбарчай кампаніі некаторых дэпутатаў адмоўна паўплывала на яўку выбаршчыкаў. Натуральна, што гэта негатыўна адбілася на настроі электарату. У сувязі з гэтым, выбаршчыкі не прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, асабліва там, дзе былі безальтэрнатыўныя акругі.
Негледзячы на тое, што працэнт яўкі Ярмошына ацаніла, як досыць высокі, выходзіць, што ў дзень выбараў на ўчасткі прыйшло менш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў. 26 працэнтаў прагаласавалі датэрмінова і менавіта напярэдадні 28 верасня маглі адбыцца фальсіфікацыі, як мяркуюць незалежныя назіральнікі. На пытанне, ці будзе калі-небудзь у Беларусі адмененная такая форма галасавання, старшыня ЦВК адказала поўжартам.
- Толькі пасля адпаведнага рашэння Кангрэсу ЗША. Мяркую, што “апірышча дэмакратыі” мусіць падаць прыклад, бо там датэрміновае галасаванне ідзе ад 3 да 45 сутак. І ўжо пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта ЗША.
Цікава, што калі Лідзія Ярмошына паведамляла пра тых, хто набраў на сваіх участках больш за ўсіх галасоў, то згадвала колькі набралі галасоў і кандыдаты ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў ды яшчэ паспявала выказваць сваё меркаванне да іх.
- На Ўручскай выбарчым акрузе перамог Місурагін Ігнацій Арцёмавіч, начальнік ваеннай акадэміі – 63,7 %. А супрацьстаяў яму Міхалевіч Аляксей Анатольевіч – дастаткова вядомая асоба ў палітычным асяродку – 14%.
Калі сталі вядомыя канчатковыя вынікі, выявілася, што Ярмошына называла толькі тых кандыдатаў ад АДС, якія набралі да 15 працэнтаў галасоў, хоць шэраг кандыдат меў і большы адсотак галасоў. У лідэрах тут намеснік старшыні АГП Яраслаў Раманчук, які набраў 33 працэнты галасоў. У той жа час кандыдаты ад улады маюць па 70-80 працэнтаў. Выбаршчыкі не падтрымалі апазіцыю, бо не хочуць згубіць тое, што маюць – такое меркаванне выказала старшыня ЦВК.
- Агітавалі яны дастаткова актыўна. У Беларусі выбаршчык часта крытыкуе ўрад. У нас тут няма эйфарыі, прадстаўнікоў улады тут не абагаўляюць і мы не ў шакаладзе. Але слова “апазіцыя” выклікае яшчэ большую насцярогу. Выбаршчык баіцца рэзкіх целарухаў, бо баіцца згубіць тое, што мае.
Не адна Ярмошына спасылалася на заганы амерыканскай дэмакратыі. Генсек саюзнай дзяржавы Павел Барадзін таксама згадаў амерыканцаў, калі казаў пра беларускія выбары. І разам з тым назваў беларускую апазіцыю “п’яненькімі дурачкамі”
- І блізка не было парушэнняў. А прыдумаць можна, што заўгодна. Збярэцца 100 п’яненькіх дурачкоў і назаве сябе апазіцыяй. Такое паўсюль ёсць. І ў Еўропе, і ў Амерыцы. Учора амерыканку пытаюць: як гэта мы вас пускаем назіраць за выбарамі ў Беларусі, але чаму вы нас не пускаеце ў Амерыку, калі вы там выбіраеце ў сябе і падлічваеце галасы? “Ну вы знаеце, у нас такая вось дэмакратыя”. Дык у іх такая дэмакратыя, а ў нас што павінна быць іншая?
Са слоў Барадзіна, усе міжнародныя назіральнікі, з якімі ён меў размовы, прызналі, што беларускія выбары прайшлі ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі. У тым ліку і назіральнікі з місіі АБСЕ. Цікава, што ў гэтую ж хвіліну кіраўнік місіі Янез Лянарчыч распаўсюдзіў заяву, у якой вядзецца пра некарэктную трактоўку яго выказванняў беларускім дзяржаўным тэлеканалам. Па тэлебачанню паведамілі, што АБСЕ “не знайшло ніякіх сур’ёзных парушэнняў”, але кіраўнік місіі сказаў зусім адваротнае, што “назіральнікі выявілі важныя недахопы ў перадвыбарны перыяд”.
Сяргей Будкін, Радыё Рацыя, Мінск.






