Лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў шакаваныя вынікамі парламенцкіх выбараў. І кажуць, што міжнародная супольнасць не мае маральнага права прызнаваць іх дэмакратычнымі. Бо тады праз тры гады апазіцыі не будзе сэнсу ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, таму што яна пройдзе па таму ж самаму сцэнару.
Лідэры АДС адзначаюць, што выбары былі цалкам сфальсіфікаваныя, аднак апазіцыя зрабіла правільна, калі пагадзілася ў іх удзельнічаць. Таму што менавіта прысутнасць у бюлетэнях прозвішчаў кандыдатаў ад адзінага спісу прымусіла ўлады пайсці на беспрэцэдэнтныя парушэнні.
Кажа лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін:
- Яшчэ раз хачу сказаць, правільна мы зрабілі, што прынялі ўдзел у выбарах. Вось абвесцілі б сёння вынікі: Палянская атрымала 20%, а другі кандыдат ад улады - Васкрасенскі – 20%, то што ці меў б я магчымасць казаць пра тое, што выбары сфальсіфікаваныя? Я б не ведаў, як лічылі галасы, як парушалася заканадаўства. Уладзе нават і не трэба было гэта рабіць. І так было б па большасці акругаў. І тое, што мы сёння можам прд’явіць уладам, і тое, што бачылі міжнародныя назіральнікі – гэта ўсё вынік нашага ўдзелу ў выбарах.
Па выніках парламенцкай кампаніі ніводны апазіцыянер не патрапіў у Палату прадстаўнікоў. Паводле кіраўнікоў АДС, дзеля гэтага ўлады актыўна выкарыстоўвалі не толькі маніпуляванні з датэрміновым галасаваннем, але і некалькі разоў “карэктавалі” спісы выбаршчыкаў. Гэтае ноў-хаў упершыню было апрабаванае падчас парламенцкіх выбараў.
Але, як лічыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька, зроблена гэта з прыцэлам на будучыню:
- Лукашэнка думае пра 2011 год. Ён думае пра прэзідэнцкую выбарчую кампанію. І калі зараз пайсці насустрач нейкім патрабаванням еўрапейскім, то гэта азначае стварыць для сабе праблемы і складанасці пры падліку галасоў падчас прэзідэнцкай кампаніі. Калі дапусціць лічыць цяпер, то патрэбна будзе лічыць і ў 2011 годзе. І калі сёння гэта не пытанне ўлады, то ў 2011 годзе – гэта пытанне асабістай улады Аляксандр Лукашэнка.
Тым не менш, самі цяпер ужо былыя кандыдаты ў дэпутаты ад АДС знаходзяцца ў шоку. Такога нахабства ад ўладаў, якія паабяцалі правесці дэмакратычныя выбары, яны не чакалі.
Кажа экс-кандадат з Барысава Віктар Гарбачоў:
- Учора 9,5 мільёну грамадзянаў Беларусі былі згвалтаваныя ў вычварэннай форме. Згвалтаваныя групоўкаю ў 100 тысячаў чалавек. Членамі. Вы ведаеце, якіх членаў я маю на ўвазе. Я кажу так жорстка таму, што людзі дагэтуль не вераць у тое, што адбылося.
Прычым, адбываўся гэты гвалт, паводле Віктара Гарбачова, пры дапамозе міжнародных назіральнікаў ад СНД, якіх экс-кандыдат параўнаў з “паўлінамі”:
- “Паўлінамі” я называю прадстаўнікоў СНД. Як бы яны на гэта не крыўдзіліся. Яны ўчора прыязжалі на участкі на 3-5 хвілінаў. Віталіся. Казалі, як прыгожа ў нашай краіне. І якія ў нас прыгожыя скрыні для галасавання. І сыходзілі. І ніхто нават не хацеў нічога чуць ад нашых назіральнікаў.
А ад экс-кандыдат у дэпута Ігара Рынкевіча больш за ўсіх дасталася Лідзіі Ярмошынай і сябрам выбарчых камісій:
- Я стаўлюся з пагардай да спадарыні Ярмошынай. Хай яна выпье на брудэршафт са сваімі калегамі, якія забяспечылі гэтую “элегантную пермогу”. Іх усіх трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасці.
На думку першага намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, пасля таго выбарчага фарсу, які адбыўся ўчора, еўрапейскія палітыкі, якія гатовыя пайсці на саступкі Лукашэнку з геапалітычных інтарэсаў, павінны ўсведаміць, што весці з ім далейшыя перамовы наконт дэмакратызацыі – безсэнсоўна:
- Я думаю, што Еўропа прайграла гэты двубой з Аляксандрам Лукашэнкам, таму што думала, што з ім можна весці нейкія размовы пра кампрамісы. Аднак яны не разумеюць, што слова “кампраміс” Лукашэнка ўспрымае, як слабасць. У яго такая ментальнасць, на жаль, не Еўрапейская. І некаторыя еўрапейцы гаварылі, што важны працэс, некаторыя гаварылі, што важны вынік у выглядзе ўключэння апазіцыянераў у спіс нават насуперак працэсу. Але цяпер а ні працэсу, а ні спісу. Ён усіх абвёў вакол пальца.
Лідэры апазіцыі лічаць, што пасля парламенцкіх выбараў каліцыя толькі ўзмацнілася, і зрабіла пэўныя высновы адносна таго, як выправіць хібы, якія таксама акрэсліліся падчас кампаніі. А калі б дэмакратычныя сілы не удзельнічалі ў гэтых выбарах, то на прэзідэнціх ім увогуля няма было б што рабіць.
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск.






