Кватэра Ніла Гілевіча знаходзіцца ў тым самым “пісьменніцкім” доме на Карла Маркса, дзе жылі Ўладзімір Караткевіч, Пятрусь Броўка і Янка Брыль. Сёння дзверы яе не зачыняюцца, а тэлефон самога народнага паэта не змаўкае.
“Такое адчуванне, што сёння спраўляю юбілей”, - кажа Ніл Сымонавіч, якому 30 верасня споўнілася 77 год. Ён не надта жаліцца на здароўе, але ужо доўгі час практычна не выходзіць з дому - у сакавіку яшчэ народны паэт Беларусі перажыў мікраінсульт.
- Ніл Сымонавіч, вы кажаце, што Вас ўжо шмат хто павіншаваў. А ці былі нечаканыя тэлефанаванні?
- Тэлефануюць толькі сябры-пісьменнікі і мае даўнія сябры-чытачы. Нечаканак не было.
- Ужо даўно да вас не выяўляюць увагі дзяржаўныя СМІ, а ў розных негалосных дакументах вы фігуруеце ў шэрагу іншых творцаў, як “апазіцыйны пісьменнік сярэдняй рукі”. Не кранае тое, што ў гэтай інфармацыйнай прасторы вас няма?
-Не крыўдую і па-шчырасці нават ганаруся. 15 год як да мяне ніхто не звяртаецца з дзяржаўных СМІ, а нават калі бы звярнуліся, не даў бы згоды. Няхай яны спачатку задумаюцца, як яны жывуць і зразумеюць трагедыю народу, да якога належаць.
- Ведаю, што з 1994 году вы не ўдзельнічаеце ў выбарах. Як жа ж змяніць сітуацыю ў краіне, калі ігнараваць выбарчыя кампаніі?
- Я ўсё жыццё крычу, асабліва апошнія 15 год і я бязмежна стаміўся ад гэтага крыку. Увесь гэты час я слухаю вострыя прамовы нашых апазіцыянераў. Яны кажуць пра дэмакратыю, свабоду, незалежнасць і гэтак далей. І каб я хоць раз пачуў пра нацыянальную ідэю, што з яе трэба пачынаць. Адзін Зянон Пазняк кажа. І тут мы б’ем з ім у адну кропку.
- Дык што на тэрыторыі Беларусі няма такога палітыка, які здольны абудзіць усіх?
- Не магу глядзець на наш народ настолькі песімістычна, хоць гаркаты на душы вельмі многа. Упэўнены што ёсць такія людзі. Не адзін, не два, не тры, але, паўтаруся, што ніхто не ставіць наперад нацыянальную ідэю.
- Вы сказалі, што з вялікай прыхільнасцю ставіцеся да Зянона Пазняка і яго ідэяў, але вядомае яго стаўленне да хоць якіх камуністаў. Ваша ж апошняя кніга выйшла пры падтрымцы Партыі камуністаў Беларускай…
- Патлумачу. Я не магу стаць на пазіцыю агульнага ахайвання ўсіх беларусаў-камуністаў ці тых, хто быў камуністам. Камуністамі былі выдатныя нашы дзеячы і патрыёты, дык я што павінен сумніцца ў іх чалавечай патрыятычнай сутнасці? Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў, Іван Мележ – гэта цвет нацыі, за імі трэба ісці. Пытанне гэтае няпростае, але я быў і застаюся сацыялістам і выступаю за сацыяльную справядлівасць, каб чалавек бачыў, што ён атрымлівае па заслугах.
- У межах Беларусі хто мае шанцы зачапіць народ? Камуністы? Сацыялісты? Нацыяналісты?
- Я не бачу. Ніводная партыя не ставіць паперадзе ідэю нацыянальнага адраджэння. У адрозненні ад нашых суседзяў – украінцаў. Яны ніколі не дадуць згоды на дзве дзяржаўныя мовы.
- Ці можна было ў 1995 годзе ўратаваць сітуацыю і захаваць адну дзяржаўную мову ў нас?
- У тым Вярхоўным Савеце 12-га склікання, у якім я быў дэпутатам і кіраваў камісіяй па адукацыі і культуры, было шмат тых, хто лічыў сябе савецкімі людзьмі. Яны пад прымусам прынялі абвяшчэнне незалежнасці. Вядома ж, знайшліся ініцыятары перайграць “Закон аб мовах” і зрабілі рэферэндум. Бог – сведка, як я крычаў у залі. Думаў, што страчу прытомнасць і мяне вынясуць з той залі. Прасіў, маліў: не рабіце гэтага, гэта смерць нашай мове, бо яна не сканкурыруе з рускай. Але гэта лінія перамагла і мне стала ўсё зразумела. Чаго я буду хадзіць на выбары, калі я ўсё менш чую роднае слова.
- Ці шкадуеце вы яшчэ пра нешта, што адбылося цягам жыцця?
- Адслужыўшы ўсё жыццё адной ідэі, не магу думаць пра іншую альтэрнатыўную лінію гэтага жыцця. Лічу, што жыў так, як мне было суджана лёсам. Шкадую толькі, што ў мяне менш прыхільнікаў і аднадумцаў, чым хацеў бы. Не хочацца пераходзіць на падзеі меншага маштабу – неразуменне, незаслужаныя крыўды, адступніцтва, здрада сяброў. На фоне таго паўсядзённага смутку ўсё гэта дробязі. Баюся, што развітаюся з гэтым цудоўным белым светам і не ўбачу таго, хто хацеў убачыць – беларускую Беларусь. Трымаюся яшчэ гэтай веры. Асабліва, калі гляджу на маладых людзей.
Размаўляў Сяргей Будкін.






