Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам ПА АБСЕ, кіраўніцай місіі кароткатэрміновых назіральнікаў гэтай арганізацыі на парламенцкіх выбарах у Беларусі Ан-Мары Лізен. Рэакцыя беларускага кіраўніка была вельмі стрыманай, нягледзячы на заяву назіральнікаў, што выбары ў Беларусі ў цэлым не адпавядалі стандартам АБСЕ.
- Беларусь чакае ад Еўропы адмены ўсялякіх санкцый, якія еўрапейцы ўвялі, пакрыўдзіўшы краіну, - заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са спадарыняй Лізен.
Беларускі кіраўнік заклікаў назіральнікаў ад АБСЕ не даваць якіх-небудзь паспешлівых ацэнак парламенцкім выбарам у Беларусі пад дыктоўку нейкай дзяржавы. Ён перакананы ў тым, што назіральнікі павінны яшчэ "сур'ёзна паглядзець і ацаніць выбарчую кампанію, што прайшла ў Беларусі".
Выказванне даволі стрыманае, калі ўзгадаць, што яшчэ перад галасаваннем Лукашэнка заяўляў, што Захад проста абавязаны прызнаць вынікі беларускіх выбараў. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што гэтыя словы беларускага кіраўніка былі шантажом Захаду:
- Я думаю, што ў пэўнай ступені Захад сам справакаваў Лукашэнку на адкрыты шантаж. Тыя заявы, якія ён рабіў, нельга лічыць важным палітычным мэсыджам. А шантаж быў рэакцыяй на тое, што ў прыёмнай беларускага кіраўніка ледзь не выстраівалася чарга з прадстаўнікоў розных еўрапейскіх краін, якія навыперадкі нешта прапаноўвалі Лукашэнку. І ён палічыў, што можна нешта атрымаць, нічога не даючы ўзамен.
Анатоль Лябедзька лічыць, што цяпер Аляксандр Лукашэнка вымушаны адыходзіць ад ранейшай сваёй палітыкі і працягваць дыялог з Захадам.
Чалец Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец звязвае стрыманую рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі з працяглым перыядам абвастрэння адносінаў паміж Беларуссю і Захадам:
- Столькі гадоў была напружанасць паміж Еўропай і Беларуссю, якая не дазваляе гаварыць аптымістычна па любых напрамках развіцця адносінаў: палітычных, прызнання выбараў ды іншых. Таму прэзідэнт і выказаўся трохі стрымана. Таму, што наша выбарчае заканадаўства не горшае за іншыя краіны свету. А вінаваціць Беларусь у парушэнні закона не варта.
Чаргінец лічыць, што Захад таксама разбярэцца ў сітуацыі і прызнае выбар беларускага народа.
Палітолаг Валер Карбалевіч аднак лічыць, што Аляксандр Лукашэнка спадзяецца на працяг перамоваў з Захадам, і таму яго рэакцыя была такой стрыманай:
- Рэакцыя беларускіх уладаў, самога Лукашэнкі на высновы назіральнікаў АБСЕ больш спакойная, чым можна было меркаваць. Бо напярэдадні Лукашэнка казаў, што калі Захад не прызнае нашы выбары, то мы наогул з імі размаўляць не будзем. А тут выбары не прызналі, а ён прымае чалавека, які такую выснову і зрабіў. Факт сам па сабе паказальны, і каментар Лукашэнкі даволі спакойны. Гэта кажа пра тое, што афіцыйны Мінск настроены працягваць дыялог.
Аляксандр Лукашэнка таксама зазначыў, што Беларусь не пойдзе на паляпшэнне адносін з Еўропай на шкоду расійскаму вектару. Ён лічыць, што гэта не патрэбна і самой Еўропе.
Альгерд Невяроўскі, Радыё Рацыя.







Каментары