Еўрапейскі Саюз задумваецца над часовым спыненнем візавых санкцый адносна некаторых прадстаўнікоў беларускага рэжыму і лічыць, што ў выбарчым працэсе назіраліся пэўныя змены.
- Не ідзе гаворка пра адмену санкцый. Маецца на ўвазе часовае іх прыпыненне адносна тых прадстаўнікоў рэжыму, якія непасрэдна не абвінавачваліся ў пераследзе ці злачынстве ў адносінах да апазіцыі, – сказаў еўразвязаўскі дыпламат. Верагодна, што спыненне санкцый датычыла б таксама прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Але ў кожную хвіліну Еўразвяз мог бы пераглядзець сваё рашэнне і вярнуць санкцыі.
У Бруселі адбылася першая пасля нядзельных парламенцкіх выбараў у Беларусі сустрэча прадстаўнікоў 27 краінаў ЕС.
- Практычна большасць краін Еўрасаюза адкрытая на ідэю прыпынення санкцый. Найбольш сумняваюцца Данія і Галандыя, – дадаў дыпламат.
- Усе не задаволеныя выбарамі. Але лічым, што пэўныя крокі ў выбарчым працэсе адбыліся, – патлумачыў дыпламат.
І дадаў: - Трэба ўзважыць адказ Еўрасаюза.
З гэтай прычыны краіны ЕС надалей схільныя да таго, каб наладзіць кантакты з прадстаўнікамі ўладаў у Мінску і запрасіць кіраўніка беларускай дыпламатыі ў Брусель. Ідзе пра тое, каб даць Мінску выразны сігнал перад візітам у беларускую сталіцу 6-га кастрычніка прэм’ера Расіі Уладзіміра Пуціна, які, напэўна, будзе ціснуць на тое, каб Беларусь прызнала Паўднёвую Асетыю і Абхазію.
Дыпламат звярнуў увагу на тое, што ЕЗ не прыняў ніякіх канкрэтных крокаў пасля вызвалення рэжымам – як раз перад выбарамі – палітычных вязняў. Гэтым часам ЕЗ прыпыніў санкцыі адносна Узбекістану і адмяніў санкцыі адносна Кубы – нягледзячы на адсутнасць нейкіх крокаў у напрамку дэмакратызацыі ў гэтых краінах. Аднак Эўразвяз шмат разоў сігналізаваў аб магчымасці адмены санкцый і нармалізацыі адносін з Мінскам, пры ўмове, што рэжым будзе надалей развіваць пазітыўныя змены, у тым ліку і падчас выбараў.
АБСЕ – адказная за маніторынг выбараў – аднак прызнала, што яны не адпавядалі дэмакратычным стандартам. На думку АБСЕ, абяцанні зрабіць працэдуру падліку галасоў празрыстай, не былі выкананыя, таксама былі зафіксаваныя выпадкі мэтанакіраванай фальсіфікацыі выбараў. Ніводзін з апазіцыйных кандыдатаў не вайшоў у склад беларускага парламента.
Выбары на Беларусі і далейшыя дачыненні Еўрасаюз-Мінск будуць тэмай паседжання кіраўнікоў дыплатычных службаў краін Еўразвязу, якое мае адбыцца 13 кастрычніка ў Люксембургу. Рашэнне аб магчымым прыпыненні санкцый адносна Беларусі павінна быць прынятае аднагалосна.
Урады Даніі і Галандыі, якія найбольш асцярожна падыходзяць да гэтага рашэння, маюць досыць малыя магчымасці для манеўравання. У гэтых двух краінах прэса найбольш крытычна ацаніла тое, як праходзілі выбары ў Беларусі. // PAP, onet.pl

Тымчасам як сказаў Радыё Рацыя старшыня Абяднанай грамадзянскай партыі ды сустаршыня Абяднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька "АДС наконт адмены санкцыяў мае сваю пазіцыю".
- Мы за тое, - гаворыць Анатоль Лябедзька, - каб адмяніць санкцыі пасля таго як знікаюць прычыны, якія прывялі да іх увядзення. Калі няма гэтах прычын – няма сэнсу трымаць санкцыі. Але калі зараз, напрыклад, зняць кропкавыя санкцыі ў дачыненні да Ярмошынай, якая чарговы раз правяла кампанію па фальсіфікацыі выбараў, то гэтага не зразумее велізарная колькасць грамадзян Беларусі і гэта будзе азначаць, што ў 2011 годзе усё пройдзе як і зараз - у 2008 годзе.
На думку сустаршыні АДС "відавочна, што Лукашэнка ставіць мэтай, каб яго прэзідэнцкую кампанію ў 2011 годзе прафінансаваў Еўразвяз і Расія. Гэта была б для яго ідэальная сітуацыя: атрымаць інвестыцыі і крэдыты і ад адных, і ад другіх, рынкі збыта – усё гэта ў той ці іншай ступені з’яўляецца фінансаваннем выбарчай кампаніі Лукашэнкі, - лічыць Анатоль Лябедзька.
Больш стрыманы ў ацэнках лідэр „Руху за Свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч, які ў размове з Радыё Рацыя сказаў, што „пакрокавая стратэгія так і прадугледжвае: адзін бок робіць – другі бок робіць”.

- Калі толькі адзін бок нешта робіць, то ён потым спыняецца і не набліжаецца. Паколькі беларускія ўлады вызвалілі ў гэтым годзе восем палітычных вязняў і ў нас у турмах фактычна сёння ўжо няма палітычных людзей, я думаю, што гэта нармальны крок, - дадаў Аляксандр Мілінкевіч. На ягоную думку "ўвесь беларускі народ зацікаўлены, каб было супрацоўніцтва з Еўропай".
На думку лідэра „Руху за Свабоду!” магчымую адмену санкцый неабавязкова трэба звязваць з прайшоўшымі выбарамі:
- Сапраўды казалі, што выбары будуць паказчыкам вельмі важным, але ўсё ж такі не адзіным. Я лічу, што, калі Еўропа не зробіць крок у адказ на вызваленне вязняў, то проста не будзе вось гэтай пакрокавай стратэгіі. Яшчэ раз падкрэслю: мусіць быць з кожнага боку па кроку. Лепш, калі яны загадзя прапісаны: вы робіце гэта, мы робім гэта. І тады зразумела ўсім загадзя, у якія тэрміны і т.д. Але калі гэта будуць толькі аднабаковыя крокі, ці з боку толькі Еўрасаюзу, ці з боку толькі беларускага ўрада, я думаю, што мы не даб’емся таго, чаго хочам. А хочам супрацоўніцтва эканамічнага і мадэрнізацыі беларускай эканомікі, каб была незалежнай. Не баюся таго, што санкцыі адмянілі. Ведаеце, калі хтосьці з бакоў не выконвае свае абавязкі ў будучым, санкцыі лёгка ўводзяцца, без праблемаў. Але важна рабіць тое, што робіцца. Я засмучаны тым, што выбары так прайшлі. Для Беларусі гэта кепска, што нелегітымны ў нас парламент зноў. Нам важна, каб і парламент быў легітымны, і ўрад, і прэзідэнт. На жаль, няма гэтага. Значыць адкладаецца гэтая справа. Але працэс выканання дванаццаці ўмоваў не спыняецца. Дрэнна, што выбары такія, але ёсць іншае. Напрыклад, медыі. Вельмі важна зрабіць, каб медыі мелі як мага больш свабоды на Беларусі. І зноў жа павінен тады быць крок з боку Еўропы.

Дэпутат польскага Сойму ад партыі Права і справядлівасць Павал Коваль, які назіраў за беларускімі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў ад імя АБСЕ, каментуючы для Радыё Рацыя інфармацыю пра магчымасць часовай адмены санкцый супраць беларускіх уладаў, сказаў, што цяпер варта забыць пра выбары якія адбыліся, таму што гэтыя выбары былі дрэнна праведзеныя, і няма тут ніякіх іллюзіяў. Ён адзначыў, што калі Лукашэнка ў абмен на адмену санкцый гатовы палепшыць стан апазіцыі і скіравацца на паляпшэнне стану вольных медыяў, то гэта мае сэнс. Калі гэта будзе чарговы пусты жэст, то ён ня мае сэнсу. Павал Коваль выказаўся за амэрыканскі варыянт паляпшэння адносінаў - крок за крокам. Калі Лукашэнка здольны зрабіць які-небудзь жэст, варта адказаць жэстам.
Дэпутат Права і справядлівасці лічыць, што важнае месца ў размовах Еўразвязу і беларускіх уладаў мусіць адыгрываць пазіцыя дэмакратычных сілаў Беларусі. Павал Коваль таксама пагадзіўся са словамі лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, вельмі часта еўрапейскія дыпламаты забывалі, што ў Беларусі таксама ёсць апазіцыя, і таму галоўнай задачай спадар Коваль бачыць размовы ў першую чаргу з беларускай апазіцыяй, таму што галоўным партнёрам Еўразвязу, на яго думку, не з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка, а беларуская апазіцыя.

Дэпутат польскага Сейму ад кіруючай Грамадзянскай Платформы Славамір Нітрас скептычна ацаніў магчымасць часовага прыпынення санкцый супраць беларускіх уладаў пасля прайшоўшых выбараў. Ён аднак паведаміў, што на жаль не ведае пра дамоўленасці еўрапейскай і беларускай дыпламатыяў, але калі ёсць прапанова часовага прыпынення санкцый, то гэта хутчэй за ўсё грунтуецца на нейкіх уступках рэжыму Лукашэнкі. Сваю пазіцыю ён патлумачыў тым, што гэты крок Еўразвязу грунтуецца хутчэй за ўсё не на выбарах, таму што парламенцкія выбары хутчэй былі паказнікам таго, што варта санкцыі пакінуць. На думку Славаміра Нітраса, нельга праводзіць перамовы толькі і выключна з Лукашэнкам, незважаючы пры гэтым на пазіцыю дэмакратычных сілаў Беларусі. У сваю чаргу беларуская апазіцыя, па словах польскага дэпутата, мусіць разумець, што ўсе жэсты Еўразвязу робяцца толькі для таго, каб у першую чаргу палепшыць сітуацыю з дэмакратыяй у Беларусі.
Радыё Рацыя






