Сёння Цэнтрвыбаркам падвёў канчатковыя вынікі выбараў і зарэгістраваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 4-га склікання, якія пачнуць сваю працу ўжо ад 27 кастрычніка. Пры гэтым ЦВК не разгледзіў скаргі кандыдатаў у дэпутаты, што выклікала абурэнне прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый, якія прысутнічалі на паседжанні ЦВК.
24 кандыдаты па 20 акругах лічаць, што выбары прайшлі з парушэннямі. Аднак іх скаргі Цэнтрвыбаркам вырашыў пакуль не разглядаць, хоць і прыняў пастанову аб выніках выбарчай кампаніі. Лідзія Ярмошына паведаміла, што гэтыя звароты будуць разгледжаныя 14 кастрычніка, калі на чарговым паседжанні ЦВК будуць падводзіцца вынікі іншай выбарчай кампаніі – у Савет рэспублікі. На меркаванне сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка на сёння няма фактаў, якія бы сведчылі, што выбары ў парламент прайшлі з істотнымі парушэннямі.
- Мы не пачулі пра факты пра парушэнне выбарчага заканадаўства, якія бы маглі істотна паўплываць на вынікі галасавання.
Такое рашэнне ЦВК выклікала непрыманне з боку сябраў ЦВК з дарадчым голасам, якія прадстаўляюць апазіцыйныя партыі. Сябра ПКБ Алена Скрыган выказала сваё здзіўленне тым, што вынікі выбараў падведзеныя яшчэ да разгляду скаргаў і выступіла з шэрагам заўвагаў. У прыватнасці яна звярнула на тыя моманты, якія маглі застацца па-за ўвагаю назіральнікаў. У тым ліку і момант рэгістрацыі кандыдатаў
- Чэкі “Маёмасць” і “Жыллё” павінны быць выключаныя з дэкларацыяў, бо з’яўляюцца перашкодай пры рэгістрацыі. Гэтая выбарчая кампанія паказала, што агітацыя не можа праводзіцца па нормах закона аб масавых мерапрыемствах. Перадвыбарная агітацыя не павінна трапляць пад гэты закон.
Сябра БНФ Галіна Сямдзянава заявіла, што скаргі паказваюць, што выбарчы працэс быў закрыты для назіральнікаў і давераных асобаў кандыдатаў і падкрэсліла, што ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі за час працы гэтага складу Цэнтральнай выбарчай камісіі не была прызнаная міжнароднымі назіральнікамі з АБСЕ і заклікала Цэнтрвыбаркам пайсці ў адстаўку.
- Але гэта немагчыма, бо шэсць сябраў ЦВК прызначаныя прэзідэнтам, а яшчэ шэсць – Саветам рэспублікі, які прызначыў прэзідэнт. Хутчэй за ўсё вы, Лідзія Міхайлаўна, атрымаеце ордэн за апошнія выбары.
Пасля гэтых слоў Галіна Сямдзянава заявіла, што пакідае залу паседжання, бо лічыць, што выбары прайшлі несумленна.
Лідзія Ярмошына заявіла пра сваю гатоўнасць працаваць над памылкамі ды ўлічыць рэкамендацыі місіі АБСЕ, якая не прызнала беларускіх выбараў.
- Датычна тых недахопаў, якія ёсць. Мы будзем працаваць над памылкамі. Прыйдуць рэкамендацыі АБСЕ з тым ці іншым заключэннем і мы пачнем працу па абагульненню той практыкі і напрацоўках на будучыню.
На сённяшнім паседжанні ЦВК была названаная дата правядзення першай сэсіі новага парламента. Яна пройдзе 27 кастрычніка.
Сяргей Будкін, Радыё Рацыя, Мінск.






