06-10, 17:11

Прыезд Пуціна. Што думаюць беларускія палітыкі?

Паводле афіцыйных крыніц, асноўныя тэмы сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна -- умовы паставак у Беларусь у 2009 годзе расійскага газу і магчымасць выдзялення другога стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2 млрд. долараў. Аднак беларускія палітыкі глядзяць глыбей.

Так лідэр Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч выразна акрэсліў тэму сустрэчы беларускага прэзідэнта і расійскага прэм'ера:

- Асноўная тэма – за колькі спадар Лукашэнка прадасць Расіі прызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Ён ледзьве не думаў з Еўропай мірыцца, а тут такое шчасце падваліла – вайна на Каўказе і ёсць што прадаваць.

Падчас сустрэчы з Пуціным Лукашэнка сказаў, што «неабходна надаць саюзным адносінам з Расіяй дадатковы імпульс». Спадар Статкевіч патлумачыў, што, на яго думку, з'яўляецца гэтым «дадатковым імпульсам»:

- Дадатковы імпульс безумоўна патрэбен, больш грошай трэба даваць, з боку Расіі, безумоўна. Вось і ўвесь імпульс.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь не намерана «таргавацца ў сваіх адносінах з Захадам і Расіяй». На гэта даў каментар былы кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч:

- Лукашэнка любіць уладу і ўсё робіць каб захаваць яе ў сваіх руках. Ён з аднолькавым задавальненнем будзе падманваць і Захад, і Расію. Але мне здаецца, што Пуціна падмануць цяжкавата, бо той разумнейшы і больш адукаваны. Так што гаворыць і гаворыць...

Палітолаг Валеры Карбалевіч патлумачыў нашым слухачам сапраўдную прычыну прыезду Уладзіміра Пуціна:

- Справа ў тым, што сёння, у апошнія месяцы, ідзе барацьба за геапалітычную лаяльнасць Беларусі. І Захад, і Расія імкнуцца перацягнуць у нейкім сэнсе Беларусь на свой бок, ну а Беларусь як бы выбірае, вагаецца. То бок Пуцін прыехаў, як купец, які гатовы нешта заплаціць за гэту геапалітычную лаяльнасць.

Паводле палітолага, тэрмін прыезду быў выбраны вельмі ўдала. Прайшоў тыдзень з дня выбараў у Палату прадстаўнікоў, Захад «пакуль яшчэ не апомніўся, не ведае як на гэта рэагаваць», а Пуцін ужо вядзе перамовы.

Наталля Якавенка, Радыё Рацыя, Мінск.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя