Гутарка з аўтарам кнігі "Новая халодная вайна" Эдвардам Лукасам, журналістам брытанскага выдання "Эконаміст", у 1998-2002 гг. ён з'яўляўся ўласным карэспандэнтам выдання ў Расіі.
- Добры дзень спадар Лукас! 14 кастрычніка ў Польшчы выходзіць у продаж ваша нашумелая кніга “Новая халодная вайна.” Паводле вашай кнігі Расія пачынае нагадваць Нямеччыну 30-х гадоў. Ці гэта карэктнае параўнанне?
- На маю думку, паводзіны Савецкага Саюзу ў тыя часы мала чым адрозніваліся ад паводзінаў гітлераўскай Нямеччыны ў дачыненні да Ўсходняй Еўропы. Напрыклад, сёння з польскага пункту гледжання, гэтак жа як і з пункту гледжання балтыйскіх краінаў, Савецкі Саюз і Нямеччына паводзілі сябе аднолькава. У сваёй кнізе я напісаў, што вяртанне былых супрацоўнікаў КДБ ў Расіі для мяне з’яўляецца такім самым шокам, як і СС ці гестапаўцаў у Нямеччыне. Гэта не антырасійскі погляд – гэта антычэкісцкі погляд. Я лічу, што КДБ прадстаўляе ўсё найгоршае, што было ў савецкай сістэме. Яны вярнуліся да ўлады ў 1999-2000 годзе і тое, што яны прынеслі ў палітыку, вельмі дрэннае.
- Большасць аналітыкаў лічыць, што фінансавы крызіс паўплывае на амбіцыі Расіі. А як лічыце вы?
- Не, немагчыма. Я думаю, што гэта не аргумент для расійскага боку цяпер. Мядзведзеў, напрыклад, сказаў што надзеі Захаду на тое, што фінансавы крызіс зруйнуе Расію, з’яўляюцца абсурдам. Пуцін зрабіў заяву, што Захад не хоча мабілізацыі мадэлі эканомікі, якую яны сёння прадстаўляюць. Некаторыя людзі ўнутры рэжыму ціснуць, бо яны лічаць, што крызіс можа разваліць Расію, можа спыніць рэформы і расійскія сувязі з міжнародным рынкам. Але я лічу, што існуе яшчэ і іншая група ўнутры эліты, якая кажа, што пустая інтэграцыя ў сусветную эканоміку прывяла да дрэнных наступстваў. Яны раяць базавацца на больш традыцыйных формах расійскай сілы.
- Што вы думаеце пра геапалітычную сітуацыю ва Ўсходняй Еўропе пасля апошніх падзеяў у Грузіі?
- Апошняя атака Расіі на Грузію паказала Ўсходняй Еўропе, што Еўразвяз, НАТО, ЗША далёкія ад іх. Гэта быў дрэнны ўрок для Ўсходняй Еўропы, які паказаў, што існуе магчымасць выкарыстання наступных правакацыяў. І таму цалкам зразумелым становіцца тое, што краіны Ўсходняй Еўропы, ў прыватнасці Польшча, інтэнсіфікуюць адносіны са Злучанымі Штатамі для таго, каб быць больш абароненымі. Гэта складана, таму што пазіцыя ЗША і пазіцыя Заходняй Еўропы шмат у чым не супадаюць, і напэўна мы пабачым стварэнне кааліцыяў у НАТО, я маю на ўвазе Польшчу, балтыйскія краіны, Нарвегію, Швецыя і Фінляндыю. Магчыма, што да іх далучыцца Вялікая Брытанія і ЗША. Магчыма, што гэтая група зможа нейкія пытанні вырашыць, але не НАТО, ці ЭЗ.
- У сваёй кнізе Вы пішаце пра тое, што існуе магчымасць аншлюзу Беларусі ў Расію. На чым палягаюць вашае сцвердажанне? Ці сапраўды існуе такая пагроза?
- Абсалютна існуе. Калі вы паглядзіце на гістарычную аналогію з 30-мі гадамі 20 стагоддзя. Атака на Грузію цалкам адпавядае атацы на Рэйнлянд, а з Беларуссю можа адбыцца тое ж, што адбылося з Аўстрыяй у 1938 годзе. Цяперашняму рэжыму ў Крамлі не ўдалося атрымаць ніякіх вельмі значных эканамічных дасягненняў ўнутры краіны, яны ня маюць новых дарогаў, ня маюць новых атамных электрастанцыяў, ня маюць новых шпіталяў і гэты вельмі сумныя вынікі, да таго ж дадаўся і фінансавы крызіс. Але яны намагаюцца кампенсаваць гэта перамогамі на міжнароднай арэне, для таго каб сказаць, што мы ўсё робім добра, мы на добрым шляху. Мы цяпер перамаглі Захад у вайне ў Грузіі. Магчыма, яны захочуць, каб Саюз Расеі і Беларусі “рэальна” працаваў пасля 10 гадоў застою. Для таго, каб ён запрацаваў могуць быць выкарыстаныя некаторыя класічныя дывідэнты. Гэта ўсё ставіць Еўропу ў складанае становішча, таму што мы хацелі б павярнуць Лукашэнку супраць Расіі, але гэта будзе вельмі складана з-за праблемаў з правамі чалавека.
- На вашу думку, ці здольная Еўропа павярнуць Беларусь на Захад?
- Я лічу, што варта спрабаваць, але ўжо вельмі позна. Я думаю, што Расія камерцыйна і мілітарна ўваходзіць у Беларусь, і будзе вельмі складана гэтаму супрацьстаяць. Прызнанне Лукашэнкі будзе вялікай цаной, таму што на рэжыме Лукашэнкі ляжыць адказнасць за забойствы, напрыклад, Завадскага і іншых зніклых асобаў, і мы ня можам проста так забыць пра гэта. У Беларусі мусяць адбыцца значныя змены, перш чым мы станем сябрамі. А я думаю, што рэжым не гатовы да такіх зменаў, таму мы знаходзімся ў вельмі складанай пазіцыі.
- Чаму Вы выказваеце меркаванне пра слабасць Еўропы?
- Гэта парадокс, Еўропа нашмат большая, нашмат багацейшая, нашмат мацнейшая за Расію. Насельніцтва Расіі нашмат хутчэй змяншаецца ў параўнанні з еўрапейскім. Але пры гэтым Расія кіруецца прынцыпам “Дывідэ эт імпэра”, падзяляй і валадар, унутры Еўразвязу. Ёсць Італія, Гішпанія, Галандыя, Вугоршчына, Баўгарыя, Грэцыя і Кіпр, якія адносяцца да прарасійскага лагеру, і таму прыняць нейкае жорсткае рашэнне па Расіі вельмі складана. Па-другое, Расія прымяняе такія самыя правілы, падзяляй і валадар, унутры саміх еўрапейскіх краінаў. Напрыклад, нямецкі канцлер Мэркель дастаткова праамерыканская, антыкрамлёўская, але яна блакуецца праз сацыял-дэмакратаў, спадара Штайн-Майэра, а таксама нямецкі бізнес, які моцна звязаны з Расіяй.
- Дарадца прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана Збігнеў Бжэзіньскі прагназаваў далейшы распад Расіі. Аднак паводле вашай кнігі можна зрабіць адваротны вынік. Ці вы думаеце, што ўнутры Расіі ўсё ж праблемаў няма?
- Я думаю, у доўгатэрміновай перспектыве Крэмль паступае вельмі небяспечна ўнутры самой Расіі, таму, што Расія шматнацыянальная краіна. Рост расійскага шавінізму вельмі небяспечны, асабліва ў рэчышчы таго, што павялічваюцца сепаратысцкія настроі на Паўночным Каўказе. Расія там валадарыць з 60-х гадоў 18 стагоддзя і ўвесь гэты час яна змагаецца з сепаратысцкімі настроямі. Калі раней Расія каланізавала Каўказ, то цяпер яна яго толькі акупуе. Колькасць насельніцтва Сібіры і Далёкага Ўсходу змяншаецца і Расія не мае эканамічных магчымасцяў развіваць гэты рэгіён, што ў перспектыве можа прывесці да яго страты. Да таго ж назіраецца ціск на татараў, якія спрабуюць узняць галаву, на фіна-угорскія народы. Усе гэтыя праблемы ўспыхнуць у будучыні, да таго ж дакладаецца змяншэнне колькасці славянскага насельніцтва і рост ісламскага. Таму я думаю, у Крамля будуць значныя праблемы.
Гутарыў Зміцер Косцін.