28-04, 13:26

Новы прэзідэнт Беларусі – Мікалай Лукашэнка?

Выступаючы ў Хойніках, Аляксандр Лукашэнка паўтарыў: прэзідэнтам Беларусі будзе мой малодшы сын. Тым часам дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА працягвае настойліва тыражаваць фоты А. Лукашэнкі з гэтым загадкавым жэўжыкам. А агенцтва “Інтэрфакс” упершыню суправадзіла сваю інфармацыю даведкай, што ў А. Лукашэнкі “тры сыны, наймалодшаму, Мікалаю, 4 гады”.

Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА працягвае настойліва тыражаваць фоты А. Лукашэнкі з маленькім хлопчыкам. Чарговая порцыя іх з’явілася з Турава, дзе А. Лукашэнка правёў Вялікдзень. На адным з іх А. Лукашэнка разам з хлопчыкам запальваюць свечкі. На другім яны разам са святаром — Лукашэнка левай рукой трымае хлопчыка, а правую далонь заклаў паміж гузікамі пінжака — стаяць перад алтаром. На трэцім здымку А. Лукашэнка за руку з хлопчыкам ідуць па вуліцы Турава. Яшчэ на адным хлопчык за руку з татам каля храма сустракаецца з мясцовымі дзецьмі.

“Мы разлічваем на дапамогу і падтрымку царквы ва ўмацаванні сям’і, выхаванні падрастаючага пакаленьня», — заявіў А. Лукашэнка, выступаючы на Велікоднай службе ў Тураве, месцы найстарэйшай япіскапскай кафедры ў Беларусі.
Варта адзначыць, што фатаграфіі моцна афіцыёзнага БЕЛТА ніколі не бываюць выпадковымі, калі гаворка аб высокай асобе. Гэта відавочны заказ згары.

Тэму свайго найменшага сына — і, са словаў А. Лукашэнкі, пераемніка — ён узьнімае цяпер практычна ў кожным публічным выступе. Так здарылася і 26 красавіка ў Хойніках. Ён перавёў на гэта гаворку з тэмы “Белай Русі”.

“Я абсалютна не выбудоўваю палітычных структураў пад сябе ці сваіх сыноў”, — завяраў А. Лукашэнка. — Усюды мусіруецца пытанне, што, быццам бы, гэтая арганізацыя стваралася пад будучага прэзідэнта і што гэтым прэзідэнтам будзе мой старшы сын. Я ўжо сказаў: меншы сын будзе прэзідэнтам Беларусі”.

Што цікава, распаўсюдзіўшы гэтую цытату, агенцтва “Інтэрфакс” упершыню суправадзіла яе даведкай, што ў А. Лукашэнкі “тры сыны, наймалодшаму, Мікалаю 4 гады”.

Жонка А. Лукашэнкі, Галіна, жыве асобна ад яго, у прыгарадзе Шклова, у добра ахоўваным будынку, абмежаваная ў сваіх кантактах з СМІ. //”Наша ніва”

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя