30-04, 13:17

Мікола Статкевіч запрашае адзначыць 1 траўня каля Нацыянальнай бібліятэкі

З палітыкам Міколам Статкевічам мы сустрэліся ў аўторак ў адным з мінскіх дворыкаў. Адзін з лідэраў “Еўрапейскай кааліцыі” папрасіў прабачэння, што не запрасіў на свой офіс – напярэдадні акцыі на 1 траўня ён вымушаны хавацца ад праваахоўных органаў. 

Лідэр ліквідаванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) падчас мітынгу на “Чарнобыльскім шляху” заклікаў усіх узяць удзел у святкаванні Дня Еўропы ля Нацыянальнай бібліятэкі. Цікава, што акцыя “Еўрапейскай кааліцыі” прызначаная на той жа час і ў тым жа месцы, што і святкаванне Дня працоўных, які ладзіць праўладная федэрацыя прафсаюзаў.

- Мы пераканаліся, што ўсе нашыя заяўкі на акцыі да 1 траўня і не толькі будуць скіраваныя на Бангалор. І мы вырашылі далучыцца да афіцыйных мерапрыемстваў, што ладзіць Федэрацыі прафсаюзаў. Мы прыйдзем і няхай людзі ўбачаць, што акрамя тых, каго прыгналі, як ваеннапалонных, ёсць свабодныя людзі, якія самі прыйшлі і якія маюць сваю пазіцыю, - тлумачыць Мікола Статкевіч.

Палітык спадзяецца, што сутычак на акцыі 1 траўня не адбудзецца.

- Мяркуючы па таму, што мяне цяпер адлоўліваюць па ўсім горадзе, магчымасць для жорсткіх дзеянняў у іх абмежаваная. Псаваць уласнае свята ўлады наўрад ці будуць.

Мікола Статкевіч мяркуе, што рэпутацыя Еўропы ў вачах беларусаў расце.

- Хоць уласна апазіцыя да гэтага аніякіх высілкаў не прыкладае. Набліжэнне Еўрасаюзу да нашых межах – гэта сапраўдны падарунак, якім нашы апазіцыйныя палітыкі не хочуць скарыстацца.

Пры гэтым Мікола Статкевіч заявіў, што “Еўрапейская кааліцыя” распачынае масавую ўлёткавую кампанію.

- Апазіцыя мае адмоўны брэнд – пачатку 90-х. Пазбавіцца ад яго можна толькі замяніўшы яго на станоўчы, прывязаўшы сябе да ідэі еўрапейскай інтэграцыі. У размове з простымі людзьмі я не спрачаюся наконт таго, што мы былі пры ўладзе. Кажу: “Так, былі, як і нашыя сябры ў Прыбалтыцы і Польшчы. Але яны там і засталіся. І колькі ж атрымоўвае на тваім працоўным месцы той жа паляк!?”. Я веру, што абсалютна рэальны хуткасны варыянт далучэння Беларусі да Еўрасаюзу, як было ў выпадку з Грэцыяй. Беларусы – сапраўдныя еўрапейцы, толькі яны на гэта забыліся, - сказаў у інтэрв’ю Рацыі Мікола Статкевіч.

Сяргей БУДКІН
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя