01-05, 12:22

Сустаршыні АДС наведаюць Польшчу з рабочым візітам

Гэтая тэма абмяркоўвалася 30 красавіка падчас сустрэчы сустаршыняў Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў з амбасадарам Польшчы ў Беларусі Хенрыкам Літвінам. Удзел у ёй узялі лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч і першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Паводле Сяргея Калякіна, плануецца, што рабочая паездка лідэраў апазіцыі ў Польшчу адбудзецца з 27 па 30 траўня.

- На жаль, як нам падаецца, зараз у Польшчы не хапае аб’ектыўнай інфармацыі пра падзеі ў Беларусі, пра палітычнае становішча і пра сітуацыю з правамі чалавека. Таму - акрамя палітычных сустрэч - мы плануем правесці прэс-канферэнцыю для польскіх журналістаў.

Пакуль афіцыйная праграма візіту яшчэ не ўзгодненая, паведамілі Рацыі ў інфармацыйным цэнтры АДС. Але Сяргей Калякін упэўнены, што беларускія палітыкі змогуць сустрэцца з прадстаўнікамі парламенцкіх фракцый Сейма Польшчы, а таксама Міністэрства замежных спраў.

Падчас гутаркі з Хенрыкам Літвінам лідэры АДС таксама абмеркавалі апошнія выказванні Лукашэнкі, якія тычыліся адносінаў дзяржавы з нацыяльнымі меншасцямі і, у прыватнасці, “карты паляка”. Акрамя таго, закраналіся тэмы вызвалення палітвязняў, распаўсюду незалежных СМІ і маючых адбыцца восенню парламенцкіх выбараў.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя