Мерапрыемства, якое ладзілі Партыя камуністаў Беларуская, БСДП (Грамада) і прафсаюз РЭП, прайшло арганізавана і ў сапраўды святочнай атмасферы. Было шмат вясёлых конкурсаў і каштоўных падарункаў. Але нават гэта не прывабіла людзей. Удзел у акцыі ўзялі не больш за паўтары сотні чалавек.

Левыя, як заўсёды, падыйшлі да святкавання Першамая вельмі адказна. Удзельнікаў мерапрыемства на падыходзе да плошчы Бангалор сустракалі духавы аркестр і велізарныя паветраныя шарыкі з надпісам “1 мая”. Праз 200 метраў прыгожыя дзяўчыны раздавалі запрашэнні на свята, якія давалі права паўдзельнічаць у бесплатнай латарэі, галоўным прызам якой быў мабільны тэлефон.

На сцэне ў гэты час дамачаўскі музыка-віртуоз Анатоль Новік настройваў гукаўзмацняльную апаратуру. Арганізатары актыўна заклікалі прысутных запісвацца на ўдзел у шахматным турніры, спаборніцтвы па дартсе і фармаваць каманды па перацягванню канату. Апошнім у якасці прызу абяцалі падараваць скрыню піва.


Праз паўгадзіны слова ўзяў лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. Палітык павіншаваў прысутных са святам і заклікаў салідарна бараніць правы працоўных.
- Мы павінны пабудаваць уладу, якая будзе адказная перад народам.

Сяргей Калякін таксама ўручыў прыз партыі камуністаў лепшаму палітычнаму аглядальніку па версіі газеты “Товарищ”. Ім стала карэспандэнтка беларускай службы Радыё Свабода Любоў Лунёва.



Нешматлікія супрацоўнікі праваахоўных органаў пільна сачылі за ўдзельнікамі мерапрыемства, але ніякіх эксцэсаў не адбылося. У 15.00 мерапрыемства скончылася. Людзі павольна разышліся па дамах.
Кастусь ВАНСЯЦКІ






