07-05, 15:17

Якой стане Расія для Беларусі пры Мядзведзеве?

Сёння адбылася інаўгурацыя трэцяга прэзідэнта Расіі. Рацыя звярнулася па каментар наконт таго, якімі будуць за ім беларуска-расійскія дачыненні, да лідэраў апазіцыі.

Першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч мяркуе, што з прыходам да ўлады Дзмітрыя Мядзведзева “для Крамля важна было б наладжваць стасункі не толькі з урадам Беларусі, але і стасункі паміж грамадзянскімі супольнасцямі Расіі і Беларусі, у прыватнасці з апазіцыяй”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што палітыка Дзмітрыя Мядзведзева ў асноўным “будзе пераемнай, бо ён і Пуцін - прадстаўнікі адной часткі палітычнай эліты”. Аднак “змесцяцца акцэнты ў эканамічнай сферы” і павялічыцца “прэсінг з боку Расіі”.

Першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка ўпэўнены, што палітыка Расіі ў дачыненні да Беларусі “не памяняецца, а стане яшчэ больш выразнай”. Гэта абумоўлена найперш “усім вядомымі сувязямі Мядзведзева з “Газпромам”.

Палітыка Мядзведзева ў адносінах да Беларусі будзе больш прагматычнай, чым палітыка Пуціна, мяркуе старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін: “Мядзведзеў будзе весці палітыку на пацяпленне адносінаў Расіі з Еўрасаюзам, стратэгічнае партнёрства з ЗША. І тады ў Беларусі будзе мала магчымасцяў для спекуляцый паміж Захадам і Расіяй”.

Наталья ЯКАВЕНКА
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя