Раман Якаўлеўскі, незалежны беларускі журналіст, даў у інтэрв’ю Рацыі свій прагноз наконт будучых ўзаемаадносін Беларусі і Расіі ў сувязі з прыходам да ўлады новага прэзідэнта.
Прагноз змрочны. Па-першае, аб’ектыўныя зацікаўленні Расіі цяпер у іншай плоскасці, а суб'ектыўныя моманты характару Лукашэнкі не дазволяць апошняму пайсці насустрач нармалізацыі адносін. А па-другое, нельга забываць і пра тое, што Пуцін фактычна не адыходзіць ад улады. Дзмітрый Мядзведзеў ужо вылучыў яго прэм’ерам:
- Варта ўзгадаць словы Пуціна, які адзначыў дзве рысы свайго пераемніка: першае - Мядзведзеў не меншы расійскі нацыяналіст, чым ён сам. А па-другое - нагадаў, што Мядзведзеў у апошнія гады меў прамое дачыненне да распрацоўкі расійскай знешнепалітычнай стратэгіі на постсавецкай прасторы. Адсюль нейкіх прэферэнцый, асаблівых адносін да беларускага рэжыму з боку Мядзведзева не будзе. Нельга забыць і пра тое, што першы візіт новы расійскі прэзідэнт здзейсніць не на Беларусь, а да Назарбаева ў Астану, што яскрава сведчыць пра пралягаючы вектар палітыкі Расіі на постсавецкай прасторы.
Раман Якаўленскі адзначыў, што распальванне беларускім бокам канфлікту з амерыканскімі дыпламатамі - якраз своеасаблівы мэсідж ад Лукашэнкі да Мядзведзева. Беларускі бок жадаў нейкай падтрымкі з боку Расіі. Але гэтага не здарылася:
- Увогуле стратэгія мядзведзеўскай Расіі да беларускага боку не зменіцца. Гэтак жа паступова на Беларусь будзе пранікаць расійскі капітал. А што тычыцца Беларусі і рэжыму Лукашэнкі, то варта ўзгадаць адно з выступленняў кіраўніка краіны перад беларускімі студэнтамі, які зняважліва адзначыў, што не зацвердзіў калісьці Анатоля Лябедзьку на пасадзе старшыні беларускага МЗС. А адмова заключалася ў тым, што спадар Лябедзька даволі малога росту. І пры гэтам варта вылучыць, што Дзмітрый Мядзведзеў за ўсю гісторыю Расіі - самы маленькі па росце кіраўнік гэтай дзяржавы. Для Лукашэнкі гэта даволі грунтоўныя акалічнасці. Таму нейкія пазітыўныя прагнозы па добрым узаемінам цяжка прадказваць. Ды і нельга забываць пра тое, што Пуцін зусім не адыходзіць ад улады, а будзе побач з Мядзведзевым.
Сяргей СКУЛАВЕЦ






