08-05, 16:20

Байкатаваць ці не байкатаваць

Ідэя новай стратэгіі апазіцыі, якую агучыў каардынатар грамадскай ініцыятывы “Хартыя-97” Зміцер Бандарэнка, адразу ж выклікала хвалю водгукаў.

Намеснік Зянона Пазняка па партыі КХП-БНФ Юры Беленькі вельмі асцярожна выказаўся з нагоды гэтай заявы, хоць напярэдадні кожнай выбарчай кампаніі ў Беларусі лідэры КХП-БНФ заклікаюць да байкоту.

Спадар Беленькі пацвердзіў, што будучыя парламенцкія выбары яго партыя таксама будзе байкатаваць. Але далучэнне да кампаніі па байкоту выбараў – не ёсць самамэтай, зазначыў намеснік Зянона Пазняка.

- Ёсць пытанне па стварэнню кааліцыі з тымі, хто працаваў на карысць рэжыма Лукашэнкі, заклікаючы “Приди и скажи ему “нет!”. Але цяпер яны змянілі свае погляды. Хацелася б паверыць у шчырасць гэтых людзей, але якраз у гэтым і пытанне.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька згадвае пра свой удзел у кампаніі байкоту ў 2000 годзе і ацэньвае яе, як паспяховую. Але цяпер, праз восем год, ён не гатовы далучыцца да такой кампаніі.

- У 2000 годзе галасы прыпісвалі, а ў 2008 годзе галасы проста не лічаць - і не будуць лічыць. Колькі б людзей не ўдзельнічала, лічбы будуць тыя, якія назавуць у Чырвоным доме.

У сувязі з гэтым старшыня АГП заявіў пра абмежаваны ўдзел у выбарчай кампаніі з тым, каб атрымаць магчымасць данесці сваё пасланне да людзей, а за некалькі дзён да галасавання зняць сваіх кандыдатаў.

- Калі мы сёння скажам, што не прымаем удзел у выбарчай кампаніі, не працуем з людзьмі, то, я думаю, каэфіцыент карыснай дзейнасці будзе значна ніжэйшы.

Палітолаг Уладзімір Роўда прызнаецца, што заява Змітра Бандарэнкі апынулася для яго поўнай нечаканасцю. Стратэгія ўжо распрацавана і няма сэнсу яе змяняць, цвердзіць эксперт.

- Не варта зараз ісці на байкот, трэба выконваць тую стратэгічную лінію, што была прынята на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. А яна прадугледжвае ўдзел у кампаніі, але не ўдзел у галасаванні, бо як само галасаванне, так і выбары будуць сфальсіфікаваныя.

На меркаванне эксперта, неразумна адмаўляцца ад магчымых хоць бы мінімальных кантактаў з выбаршчыкамі. Удзельнічаць у выбарчай кампаніі з гэтай нагоды папросту неабходна і зняцца варта калектыўна ўсім дэмакратычным кандыдатам непасрэдна перад выбарамі, так бачыць развіццё далейшых падзеяў Уладзімір Роўда.

Сяргей БУДКІН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя