Кіраўніцтва Партыі камуністаў Беларускай, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і незарэгістраванай Усерасійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) усклала кветкі да абеліску Перамогі ў Мінску. Акцыя атрымалася камернай і амаль не заўважанай іншымі людзьмі, якія прыйшлі на плошчу Перамогі, каб зрабіць тое ж самае.
Патрапіць на плошчу да таго, як скончацца афіцыйныя мерапрыемствы, было немагчыма. Таму прадстаўнікі ПКБ і АГП былі вымушаныя цярпліва чакаць сваёй чаргі. Побач тапталіся сябры незарэгістраванай бальшавіцкай партыі з партрэтамі Сталіна і расцяжкамі а-ля “адновім СССР”.



Камуністы-калякінцы нават сабралі пад свае сцягі некалькі ветэранаў вайны, якія па палітычных матывах адмовіліся прымаць удзел у афіцыйных мерапрыемствах. Пасля таго, як ланцуг з супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным расступіўся, сябры ПКБ змаглі патрапіць на плошчу. Пасля ўскладання кветак Сяргей Калякін выступіў з невялікай прамовай: павіншаваў ветэранаў са святам і пажадаў моцнага здароўя. Пасля лідэр камуністаў пагутарыў і з прэсай. Ён, у прыватнасці, асудзіў улады за спробы манапалізаваць Дзень Перамогі і падзяліць ветэранаў на “правільных і няправільных”.


Праз дзесяць хвілін кветкі прыйшлі ўскласці прадстаўнікі АГП на чале са старшынём партыі Анатолем Лябедзькам. Са сваёй акцыі яны і тут зрабілі невялікае відовішча, разгарнуўшы перад абеліскам партыйны сцяг. Аднак большасць прысутных успрыняла гэтую падзею абыякава. Пра свае адносіны да 9 траўня Анатоль Лябедзька таксама распавёў у інтэрв’ю Рацыі:
- Беларусь як краіна не святкуе гэтае свята. Яго адзначаюць людзі, сем’і. Таму што вельмі няшмат ёсць сямей, якія не атрымалі б з фронту пахаронку. Але нельга святкаваць перамогу над фашызмам пад сцягамі лукашызму. Бо тое, што зараз адбываецца ў краіне, вельмі нагадвае той самы фашызм.



Міліцыянеры ў акцыю апазіцыі не ўмешваліся. Апазіцыя пакінула плошчу Перамогі, а свята працягнулася ў парку імя Максіма Горкага.
Кастусь ВАНСЯЦКІ




