У Мінску святочныя мерапрыемствы адкрыла ўрачыстае шэсце ветэранаў, у якім узяў удзел прэзідэнт Беларусі.


Паводле дадзеных гарадскіх уладаў, каля шасці тысяч чалавек прайшлі па праспекце Незалежнасці і ўсклалі кветкі да манумента на плошчы Перамогі. Першым усклаў вянок Аляксандр Лукашэнка.


Пасля ўскладання кветак прэзідэнт выступіў з прамовай, якую ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі. Напачатку кіраўнік краіны сказаў аб велічы подзвігу савецкіх і, у прыватнасці, беларускіх салдат падчас Другой Сусветнай вайны, аб значнасці дня 9 траўня для сусветнай і беларускай гісторыі і абвясціў хвіліну маўчання. Пасля гэтага прэзідэнт распавёў пра палітыку добрасуседства ў адносінах да іншых краін свету і пра дабрабыт беларусаў.






Свята абышлося без ваеннага параду, які апошні раз адбыўся толькі ў 2005 годзе на юбілей Перамогі – 60-я ўгодкі. Але, каб разнастаіць штогадовае святкаванне, сёлета зрабілі новаўвядзенне: ўпершыню за апошнія 30 год ветэраны ў святочным шэсці праехалі на ўпрыгожаных да свята аўтамабілях. Картэж складаўся з 12 УАЗаў. Падобны картэж праехаў ў цэнтры Мінска на свята Перамогі тры дзесяткі гадоў таму пад воклічы “Дзякуй за мір!”.
Наталля ЯКАВЕНКА






