Законапраект аб падаўжэнні яшчэ на два гады Акта аб дэмакратыі ў Беларусі ўнесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, паведамляе афіцыйны сайт Кангрэса. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі быў прыняты Кангрэсам у 2004 годзе, а ў 2006-м яго дзеянне было працягнутае яшчэ на два гады.
У новай рэдакцыі дакумента прыведзеныя дадзеныя аб апошніх падзеях у Беларусі. У прыватнасці, зазначана, што сёлета "урад краіны вызваліў некалькі палітычных зняволеных", але былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін "усё яшчэ застаецца ў турме".
Апрача падтрымкі праваабаронцаў, незалежных СМІ, прафсаюзаў, дэмакратычных партый, асобным параграфам у дакуменце згадваецца падтрымка незалежнага радыё- і тэлевяшчання на Беларусь. Таксама выказваецца падтрымка дзеянняў Дзярждэпартамента і Міністэрства фінансаў ЗША – а менавіта што тычыцца блакавання рахункаў "Белнафтахіма".






